У бальніцы Наваполацка ўведзены ў строй сучасны апарат магнітна-рэзананснай тамаграфіі
У цэнтральнай гарадской бальніцы Наваполацка ўведзены ў строй сучасны апарат магнітна-рэзананснай тамаграфіі i_Field 1.5T Plus кітайскай вытворчасці.
У адкрыцці прынялі ўдзел намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Ігар Бурмістраў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Фурс.
– У нашых бальніцах ствараюцца ўсе ўмовы для камфортнага знаходжання пацыентаў і працы медперсаналу. Важна, у якіх умовах ты працуеш, якімі магчымасцямі распараджаешся. Упэўнены, што гэты апарат ратуе вельмі шмат жыццяў, – падкрэсліў Вячаслаў Дурноў.
На базе Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы функцыянуюць міжраённыя цэнтры па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з вострым каранарным сіндромам і вострым парушэннем мазгавога кровазвароту, якія аказваюць спецыялізаваную медыцынскую дапамогу насельніцтву Наваполацка і 10 раёнаў Віцебскай вобласці.
– Увядзенне ў эксплуатацыю апарата МРТ дазволіць больш якасна аказваць медыцынскую дапамогу не толькі навапалачанам, але і пацыентам, якія паступаюць у міжраённы цэнтр. Кадры для працы на новым высокатэхналагічным абсталяванні падрыхтаваны загадзя, таму працаваць пачнуць яны літаральна з першых дзён, – адзначыў Міхаіл Вішневецкі.
У цяперашні час кабінет МРТ будзе функцыянаваць у тэставым рэжыме, але ўжо хутка пачнецца паўнавартасная праца.
– МРТ-апарат – высокатэхналагічнае абсталяванне, якое дазволіць праводзіць вельмі спецыфічныя даследаванні, глыбока, тонка і дакладна дыягнаставаць змены органаў і тканак. У ім прадугледжана мноства праграм пасляапрацоўкі, у тым ліку штучны інтэлект, што дазволіць нашым доктарам не толькі больш глыбока даследаваць нейкую паталогію, але і паскорыць інтэрпрэтацыю гэтага даследавання. Адпаведна, чарга стане меншай, даступнасць дапамогі павысіцца, – сказала загадчыца рэнтгенаўскім аддзяленнем Наваполацкай ЦГБ Алена Заяц. – Гэта ідэальны апарат для ўдакладнення змен храсткоў, суставаў, звязак, вельмі тонкіх структур галаўнога і спіннога мозгу, чаго не можа ўбачыць КТ. Усё гэта вядзе наша ахову здароўя на новы дыягнастычны ўзровень.