На Віцебшчыне абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва Віцебскай вобласці і Наманганскай вобласці Узбекістана
07.07.2026
З афіцыйным візітам на Віцебшчыне знаходзіцца дэлегацыя Наманганскай вобласці Узбекістана на чале з намеснікам хакіма Акіджонам Інамавым.
На сустрэчы з кіраўніцтвам аблвыканкама абмяркоўваліся перспектывы супрацоўніцтва ў розных сферах.
Як адзначыла намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна, дадзены рэгіён цікавы сваімі прадпрымальніцкімі праектамі. У Наманганскай вобласці таксама развіты турызм, тут знаходзяцца вядомыя курорты ва Узбекістане. Трэцюю частку валавога рэгіянальнага прадукту фарміруюць паслугі, у тым ліку лагістыка. Такі ж патэнцыял мае і Віцебшчына. Дадзеную вобласць Узбекістана і наш Прыдзвінскі край аб'ядноўвае шаўковы гандлёвы шлях. Таму кропак сутыкнення шмат.
– Ёсць магчымасць працаваць у розных галінах эканомікі. У нашых калег практычна ўвесь аб'ём прамысловай вытворчасці фарміруе лёгкая прамысловасць. Віцебшчына таксама займае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне па вытворчасці прадукцыі лёгкай прамысловасці. У дадзенай сферы мы бачым магчымасці кааперацыі. Таму ў праграму візіту ўключана наведванне Аршанскага льнокамбіната, а таксама лагістычнага цэнтра Брэміна – Орша, – падкрэсліла Анжаліка Нікіціна.
На сустрэчы таксама абмяркоўвалася магчымасць вядзення бізнесу і працаўладкавання ў Віцебскай вобласці грамадзян Узбекістана. Дарэчы, на сённяшні дзень у нашым рэгіёне працуюць больш за 200 прадстаўнікоў гэтай азіяцкай краіны, якія працуюць на будоўлях, у сельскай гаспадарцы і гандлі. Гучала таксама пра абмен турыстамі, адпачынак узбекскіх дзяцей у нашых здраўніцах.
Яшчэ адна кропка сутыкнення – падрыхтоўка кадраў, супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. У Наманганскай вобласці знаходзіцца восем універсітэтаў, у тым ліку тыя, што рыхтуюць спецыялістаў для лёгкай прамысловасці.
– Мы бачым вельмі вялікі патэнцыял сумеснай працы ў сферы сельскай гаспадаркі і турызму. У цяперашні час у нас рэалізуюцца праекты з Рэспублікай Беларусь па перапрацоўцы сухофруктаў, вытворчасці будматэрыялаў, халадзільнага абсталявання. Сумесна з Мінскім трактарным заводам будуецца завод па выпуску міні-трактароў. Мы вельмі зацікаўлены ва ўглыбленні дзелавых кантактаў з Віцебскім рэгіёнам, – сказаў начальнік аддзела ўпраўлення інвестыцый, прамысловасці і гандлю Наманганскай вобласці Азімджон Абідаў.
Анжаліка Нікіціна адзначыла, што хоць з Наманганскай вобласцю ўстаноўлены сяброўскія сувязі, рэгіён пакуль застаецца недастаткова адкрытым. Падчас сустрэчы бакі дамовіліся да Беларуска-Узбекскага жаночага бізнес-форуму, які пройдзе сёлета восенню, абмяняцца дэлегацыямі, каб дэталёва абмеркаваць сферы супрацоўніцтва і падпісаць дэталёвую дарожную карту.