У Воршы стартаваў ІІ Рэспубліканскі турнір МУС па хакеі
Сёння ў Воршы стартаваў II Рэспубліканскі турнір МУС па хакеі. Афіцыйным стартам спартыўных баталій у Лядовай арэне стала цырымонія першага сімвалічнага укіду шайбы.
Падчас урачыстага адкрыцця турніру начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Максім Субота пажадаў усім поспеху і яркіх перамог. Старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Мароз адзначыў, што для рэгіёна вялікі гонар прымаць турнір такога ўзроўню.
– Спорт, як і служба ў органах унутраных спраў, патрабуе мужнасці, сілы духу і волі да перамогі. Упэўнены, гэтыя спаборніцтвы стануць сапраўдным святам не толькі для ўдзельнікаў, але і для ўсіх заўзятараў, а таксама падораць нам яркую і сумленную гульню, – сказаў кіраўнік раёна.
Напярэдадні адкрыцця высокія госці ўсклалі кветкі да Кургана Бессмяротнасці, ушанаваўшы памяць герояў.
Першы матч згулялі каманды УУС Віцебскага і Мінскага аблвыканкамаў. Ён завяршыўся з лікам 10:0 на карысць віцябчан.
Фінальныя гульні, якія вызначаць наймацнейшых — 13 сакавіка.