Напярэдадні Дня Перамогі ў Віцебску адкрылася фотавыстава «Дарогамі памяці. Санкт-Пецярбург – Віцебск»

В преддверии Дня Победы в Витебске открылась фотовыставка «Дорогами памяти. Санкт-Петербург – Витебск»
Напярэдадні Дня Перамогі ў абласным цэнтры ў канцэртнай зале «Віцебск» адкрылася фотавыстава «Дарогамі памяці. Санкт-Пецярбург – Віцебск», якая арганізавана ў рамках праекта «Незабытыя».

У цэнтры экспазіцыі працы ўраджэнкі Віцебска Валянціны Кабачэўскай, якая цяпер пражывае ў Санкт-Пецярбургу. Па дарозе на Радзіму яна спынялася каля помнікаў, завітвала ў населеныя пункты, дзе знаходзяцца воінскія пахаванні. Так нарадзілася ідэя выставы — паказаць святыя месцы на дарозе памяці.

– На фотаздымках захаваны не знакавыя, усім вядомыя мемарыялы, а магілы, помнікі, якія ўстаноўлены воддаль ад людных месцаў, вялікіх магістраляў. Усе яны дагледжаны. Відаць, што ў маленькім мястэчку людзі памятаюць пра вялікі подзвіг савецкіх воінаў, якія аддалі жыццё за нашу свабоду і мірнае неба, – адзначыў член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск» Глеб Лапіцкі.

У экспазіцыю таксама ўвайшлі фотаздымкі жыхароў Віцебска, якія прынеслі здымкі салдацкіх пахаванняў, зробленыя падчас наведвання родных і выездаў на прыроду ў розныя куткі Віцебшчыны. Дарэчы, падчас працы выставы (па 15 мая) яе можна дапаўняць новымі сведчаннямі на «Дарозе памяці».

– Акцыя «Незабытыя» аб’ядноўвае людзей. У дзень адкрыцця экспазіцыі на выставе было шмат маладых твараў. Упэўнены, што і ў наступныя дні сюды будзе прыходзіць моладзь, якая годна нясе эстафету памяці, – падкрэсліў Глеб Лапіцкі.

Віцебскія весці