У светлае свята Вялікадня Дзмітрый Дзямідаў павіншаваў каталіцкіх вернікаў у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску
У светлае свята Пасхі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў наведаў касцёл Езуса Міласэрнага і сустрэўся з біскупам Віцебскай дыяцэзіі Алегам Буткевічам.
– Пасха – гэта вялікае свята, калі мы можам далучыцца да Божай мілаты. Сімвалічна, што сёння хрысціяне Беларусі адзначаюць гэты дзень разам. Розныя канфесіі ў нашай краіне мірна суіснуюць, хай гэты мір і згода заўсёды пануюць на нашай зямлі, – адзначыў Алег Буткевіч.
Дзмітрый Дзямідаў падкрэсліў, што ў яго сям'і ёсць прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай веры і традыцыйна адзначаюць як каталіцкую, так і праваслаўную Пасху.
- Сёння ўсе хрысціяне адзначаюць вялікае свята Васкрэсення Гасподняга, якое заклала традыцыі любові, гуманізму, міласэрнасці, чалавекалюбства і даравання, уласцівыя беларускаму народу і дзякуючы якім ён захоўвае сваю ідэнтычнасць і перажывае ўсе выпрабаванні, што выпалі на яго лёс. Сама прырода радасна вітае ў гэты дзень, і людзі з асаблівым пачуццём радасці святкуюць гэту вялікую падзею. Хачу пажадаць усім здароўя, дабра, радасці і любові, і каб у нашай краіне людзі заўсёды жылі ў міры і згодзе, - адзначыў кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці.