У Віцебску ўшанавалі лаўрэатаў абласнога этапу XVII рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года 2024»
Лепшыя з лепшых вызначаліся ў сямі намінацыях – «Паспяховы кіраўнік», «Актыўная грамадзянская пазіцыя», «Сэрца аддаю людзям», «Мацярынская слава», «Гаспадыня сяла», «Не старэюць душой ветэраны», «Духоўнасць і культура». Іх, а таксама ў іх асобе ўсіх жанчын Віцебшчыны, цёпла павіншаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
- Жанчына – само па сабе высокае званне, - адзначыў Аляксандр Міхайлавіч. - Вы нас натхняеце, дзеля вас усё робіцца, дзеля вас і насуперак вам здзяйсняюцца ўсе ўчынкі. Хачу сказаць вам велізарнае дзякуй, таму што, акрамя натхнення і духоўнай дапамогі мужчынам, вы паралельна многія рэчы, практычна невырашальныя, бярэце на свае далікатныя плечы. Вы даглядаеце дом, вядзеце гаспадарку, сочыце за дзецьмі. Нізкі паклон вам ад усяго мужчынскага насельніцтва віцебскага рэгіёну, велізарнае дзякуй, што вы заўсёды побач і ў самай безнадзейнай сітуацыі даеце мужчынам промень надзеі. Дай Бог вам любові, здароўя, і хай у вас усё атрымліваецца!
А потым быў цэлы россып прызнанняў у любові і цёплых слоў ад мужчын, добрых пажаданняў і настаўленняў.
У кожнай намінацыі пераможцамі сталі 6 жанчын. Сем з іх - рэктар ДУ дадатковай адукацыі дарослых «Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі» Вольга Лапацінская, галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Наталля Няушава, урач акушэр-гінеколаг, загадчыца філіяла жаночай кансультацыі №3 УЗ «Віцебскі абласны клінічны радзільны дом» Аксана Старанцова, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА «Дзіцячы дом горада Віцебска» Алена Пушкарова, дырэктар ААТ «Залатая падкава» Валянціна Крывянок, ветэран працы Таіса Мурашкевіч, начальнік аддзела студэнцкай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Вольга Лясная будуць прадстаўляць нашу вобласць у Мінску на падвядзенні вынікаў рэспубліканскага конкурсу.