У Віцебску на месцы былога канцлагера «5-ы полк» ушанавалі памяць ахвяр фашызму

В Витебске на месте бывшего концлагеря «5-й полк» почтили память жертв фашизма
У Віцебску на месцы былога канцлагера «5-ы полк» ушанавалі памяць ахвяр фашызму.

– Забыць крывавыя злачынствы фашызму, учыненыя ў гады Другой сусветнай вайны, немагчыма. Смуткам і болем адгукаецца назва лагераў смерці – Трасцянец, Сабібор, Трэблінка, Асвенцім... У Віцебску адзін з такіх – 5 полк (Шталаг № 313), створаны для знішчэння ваеннапалонных і грамадзянскага насельніцтва. Да лютага 1944 года ён выкарыстоўваўся акупантамі як перасыльны. Штогод 11 красавіка ў Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў мы збіраемся на гэтым жалобным месцы, каб сказаць, што наша памяць нетленная, яна жыве ў нашых сэрцах, – адзначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што памяць пра вайну – гэта памяць народа, яго сучаснасць і будучыня, яго нацыянальнае самасвядомасць. Ад страшных падзей Вялікай Айчыннай вайны нас аддзяляе 80 гадоў, але сучаснікі, падрастаючае пакаленне павінны ведаць праўду пра тыя злачынствы і страты.

– І цяпер, калі з'яўляюцца новыя даныя пра генацыд беларусаў у гады вайны, мы можам аргументавана адказаць на выклікі часу. Адной з апошніх жахлівых знаходак з'яўляюцца ямы-магілы, выяўленыя пад Лепелем. Папярэдне ўстаноўлена, што парэшткі належаць некалькім сотням чалавек, – дадаў Аляксандр Субоцін. – Сёння малалетнія вязні з'яўляюцца апошнімі жывымі сведкамі жорсткага фашысцкага тэрору. Мы схіляем галовы перад тымі, хто выстаяў, вытрымаў самыя страшныя выпрабаванні, годна прайшоў свой жыццёвы шлях, зрабіў важкі ўклад у станаўленне сучаснай і незалежнай Беларусі.

Сярод тых, хто сабраўся на мітынгу, – малалетняя вязніца Яўдоха Коласава. Адзін з першых яе фотаздымкаў зроблены камендантам фашысцкага лагера-турмы ў Германіі. Ззаду – нямецкая пячатка. Камендант не раз прасіў маці аддаць яму малодшую дачку, хацеў забраць у сваю сям'ю. Але тая катэгарычна адмовілася.

– Мы трапілі ў нямецкі горад Бад-Раппенау, палонных адразу пасялілі ў лагер-турму. Дзеці і жанчыны выконвалі цяжкую працу, займаліся рамонтам і будаўніцтвам чыгунак. Мы не ведалі, што такое хлеб, давалі незразумелую баланду з галетамі. Мне, як самай маленькай, пакідалі турнэпс, які ўдавалася здабываць, калі людзей праз палі вялі назад у лагер. Магчыма, дзякуючы гэтаму я выжыла, – узгадвае Яўдоха Коласава.

Кіраўніцтва вобласці і горада, прадстаўнікі працоўных калектываў, устаноў адукацыі і грамадскіх арганізацый, сведкі тых страшных падзей, моладзь усклалі кветкі і вянкі да мемарыяла, ушанавалі памяць ахвяр фашызму хвілінай маўчання.

"Віцебскія весці"