У Віцебску абмеркавалі пытанні эфектыўнасці працы дзяржустаноў, якія забяспечваюць дзейнасць бюджэтных арганізацый вобласці
Пасяджэнне прайшло пад кіраўніцтвам старшыні аблвыканкама Аляксандра Субоціна пры ўдзеле старшыні Канстытуцыйнага Суда Пятра Міклашэвіча, памочніка Прэзідэнта – інспектара па Віцебскай вобласці Уладзіміра Юргевіча. У рэжыме відэа-канферэнц-сувязі да працы падключыліся гар-, райвыканкамы, адміністрацыі раёнаў абласнога цэнтра.
Кіраўнік паўночнага рэгіёну напачатку сустрэчы прадставіў новых членаў аблвыканкама. У адпаведнасці з указам Прэзідэнта ў склад аблвыканкама ўключаны старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Уладзімір Гадзяцкі і ваенны камісар Віцебскай вобласці Сяргей Кунахавец.
Ключавой тэмай для абмеркавання сталі вынікі працы дзяржустаноў, якія забяспечваюць дзейнасць бюджэтных арганізацый паўночнага рэгіёну. Размова пра цэнтры, якія вядуць бухгалтарскі ўлік і выконваюць іншыя функцыі падведамасных ім бюджэтных арганізацый. Такія цэнтры былі створаны з мэтай павышэння эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў у адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы «Аб забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый» і пачалі працу пяць гадоў таму.
– Першапачаткова ў Віцебскай вобласці працавалі 32 цэнтры, сёння з улікам рэарганізацыі і аптымізацыі іх 25: па адным на раённым, гарадскім узроўнях і два на абласным. Праз пяць гадоў ужо ёсць магчымасць падвесці вынікі іх дзейнасці: што зроблена, што трэба зрабіць, праблемныя пытанні. І вызначыць мерапрыемствы, якія трэба правесці, каб гэтыя цэнтры працавалі яшчэ эфектыўней, – абазначыў Аляксандр Субоцін.
У паўночным рэгіёне цэнтры абслугоўваюць больш за 1290 бюджэтных арганізацый з колькасцю больш за 54 тыс. штатных адзінак. Пераважная большасць – гэта ўстановы адукацыі: звыш 840. Абслугоўваюць цэнтры таксама ўстановы культуры, спорту, архівы, выканкамы першаснага ўзроўню і шэраг іншых арганізацый.
Акрамя таго, яны выконваюць іншыя функцыі, уключаючы тэхнічнае абслугоўванне дзяржмаёмасці, арганізацыю мерапрыемстваў па ахове працы, пажарную бяспеку, захоўванне інвентару і абсталявання, вядзенне кадравых пытанняў, ажыццяўленне аўтамабільных перавозак, у тым ліку падвоз дзяцей да месца вучобы і назад, дастаўку прадуктаў харчавання ва ўстановы адукацыі.
– Стварэнне цэнтраў дазволіла ўзаконіць дзейнасць цэнтралізаваных бухгалтэрый, якія існавалі пры розных бюджэтных установах, была аптымізавана штатная колькасць, павышана заработная плата работнікаў бухгалтэрскіх службаў, – удакладніў падчас дакладу начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Яўген Карасцік. – На ўтрыманне цэнтраў у Віцебскай вобласці ў 2024 годзе накіравана 53,5 млн рублёў. У асноўным гэтыя выдаткі бягучыя: аплата працы, камунальныя і іншыя паслугі, якія патрэбныя для функцыянавання цэнтраў. Невялікая частка застаецца на абнаўленне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Эфектыўнасць працы цэнтраў, іх функцыі, камплектацыя і замацаванасць кадраў, магчымасці павышэння аплаты працы і забеспячэння спецыялістаў арэндным жыллём, выкананне бюджэтнага заканадаўства – гэтыя і іншыя пытанні гучалі на адкрытым пасяджэнні. Асаблівую ўвагу надалі праблемным момантам, уключаючы правільнасць правядзення дзяржзакупак, і шляхам іх вырашэння.
– Працу цэнтраў у цэлым можна прызнаць здавальняючай. Бесперабойна забяспечваецца рух сродкаў па рахунках арганізацый, ажыццяўляецца выплата заработнай платы, своечасовая выплата падаткаў, прадстаўленне бухгалтэрскай, фінансавай, статыстычнай і іншай інфармацыі. На належным узроўні арганізаваны падвоз навучэнцаў і прадуктаў харчавання ва ўстановы адукацыі, – заключыў Яўген Карасцік.