У Віцебску падвялі вынікі работы вобласці ў сферы адукацыі за 2024 год
У 2024 годзе на рамонтныя работы і закупку абсталявання выдзелена больш за 81 мільён рублёў. У межах дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» праводзяцца работы па будаўніцтве і рэканструкцыі дзевяці адукацыйных аб'ектаў, з якіх пяць ужо ўведзены ў эксплуатацыю. У мінулым годзе капітальныя рамонты былі праведзены ў 18 установах, а ў бягучым годзе такія работы запланаваны ў 16 установах.
На 2025 год прадугледжана больш за 11 мільёнаў рублёў для забеспячэння бяспечных умоў у адукацыйных установах. У 2024 годзе ў Віцебскай вобласці быў набыты 41 школьны аўтобус. У цяперашні час у рэгіёне эксплуатуецца 322 школьныя аўтобусы, плануецца закупіць яшчэ 43.
Сярод праблем, якія перашкаджаюць рэалізацыі задач па павышэнні якасці адукацыі, Дзмітрый Хома адзначыў высокую частату траўм сярод выхаванцаў дзіцячых садкоў. Гэта звязана з недастатковым кантролем з боку адміністрацыі і выхавальнікаў. Адсутнічаюць стратэгічныя падыходы да аптымізацыі сеткі ўстаноў і аб'яднання груп дашкольнай адукацыі.
Кіраўнік упраўлення па адукацыі вобласці падкрэсліў неабходнасць павышэння эфектыўнасці класаў прафесійнай накіраванасці з улікам патрэб эканомікі, а таксама важнасць камплектавання груп інтэграванага навучання. Увагі патрабуюць пытанні працаўладкавання дзяцей старэйшыя за 14 гадоў, і неабходнасці наладжвання супрацоўніцтва з мясцовымі ўпраўленнямі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, падводзячы вынікі працы адукацыйнай сферы, адзначыў, што ўсе пастаўленыя задачы, агучаныя Прэзідэнтам і ўрадам, у рэгіёне імкнуліся выканаць. Аднак застаюцца і сур'ёзныя выклікі.
Ён адзначыў, што нягледзячы на станоўчыя вынікі ў рэспубліканскіх паказчыках, негатыўна адбіваюцца высокія ўзроўні падлеткавай злачыннасці і суіцыдаў.
Вячаслаў Дурноў паведаміў аб распрацоўцы алгарытму дзеянняў для вырашэння гэтых праблем, які будзе ўключаць усе адукацыйныя ўстановы.
– Выхаванне асобы, грамадзяніна і патрыёта – гэта складаная задача, якую немагчыма вырашыць без актыўнага ўдзелу бацькоў і іншых арганізацый, уключаючы ўстановы культуры і спорту, – дадаў ён.
Намеснік старшыні аблвыканкама выказаў удзячнасць педагагічнаму калектыву за паспяховую арганізацыю выбараў Прэзідэнта Беларусі, адзначыўшы, што калектывы ўстаноў адукацыі актыўна ўдзельнічалі ў выбарчым працэсе.
Намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды звярнуў увагу на ключавыя напрамкі і праблемы, якія былі агучаны на падагульняючай калегіі міністэрства на мінулым тыдні. Адной з галоўных задач застаецца прадухіленне гібелі дзяцей, уключаючы выпадкі суіцыдаў і парасуіцыдаў.
– Мы заклікаем вас аналізаваць сітуацыю і прапаноўваць эфектыўныя методыкі і тэхналогіі, якія могуць быць прыменены не толькі ў Віцебскай вобласці, але і за яе межамі, – адзначыў Сяргей Руды, падкрэсліўшы важнасць абароны дзяцей ад гвалту як у сям'і, так і па-за ёй.
Ён таксама адзначыў неабходнасць перагляду падыходаў да кіравання невялікімі адукацыйнымі ўстановамі, каб забяспечыць больш эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў.
– У апошнія гады мы недастаткова ўвагі ўдзялялі аптымізацыі ўстаноў адукацыі і штатных адзінак. У сістэме адукацыі назіраецца значная колькасць вакантных месцаў, – сказаў Сяргей Руды. – Важна разумець, што ўтрыманне асобных устаноў павінна быць апраўданым.
Недастатковаю прызнана работа па забеспячэнні якаснага харчавання.
– Мы прымаем меры для ўстаранення ўсіх выяўленых недахопаў, – адзначыў ён, дадаўшы, што неабходна строга кантраляваць выкананне санітарных нормаў.
Намеснік міністра таксама закрануў пытанне абнаўлення школьнага аўтапарку. Паводле яго слоў, кожны год у рэспубліканскім бюджэце выдзяляюцца сродкі на закупку школьных аўтобусаў, і гэтая работа будзе працягнута.
Напрыканцы свайго выступлення Сяргей Руды выказаў падзяку ўсім работнікам адукацыі Віцебскай вобласці за іх напружаную і якасную працу, накіраваную на навучанне і выхаванне дзяцей, а таксама на развіццё сістэмы адукацыі ў рэгіёне.
Па выніках года ва ўрачыстай абстаноўцы ўзнагародзілі лепшыя калектывы ўстаноў, педагогаў і кіраўнікоў адукацыі.