У Віцебску ўрачыста адкрылі знак "Дрэва жыцця" ў памяць пра генацыд беларускага народа

В Витебске торжественно открыли знак "Древо жизни" в память о геноциде белорусского народа
Сёння ў Віцебску на мемарыяльным комплексе «5 полк» адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны «Дрэва жыцця». На мерапрыемства сабраліся прадстаўнікі органаў мясцовай улады, пракуратуры, работнікі працоўных калектываў і навучэнская моладзь, ветэраны ВАВ, святары.

Аўтар манумента – віцебскі скульптар Іван Казак. Яго праца "Дрэва жыцця" была абрана па выніках конкурсу, ініцыяванага Генеральнай пракуратурай.

Як падкрэсліў намеснік Генпракурора Беларусі Сяргей Хмарук, гэтая падзея – даніна памяці ўсім мірным жыхарам нашай рэспублікі і ваеннапалонным, хто быў закатаваны і забіты фашыстамі і іх пасобнікамі. Такі помнік з'явіцца ў кожным рэгіёне краіны. «Дрэва жыцця» ўжо ёсць у Гомелі, Брэсце і Гродне.

- Важна, каб прадстаўнікі маладога пакалення, нашы дзеці ўсвядомілі і адчулі, што ў 1941-1944 гадах, калі на беларускіх землях ішлі баі за вызваленне краіны ад акупантаў, нашы продкі гэтак жа хацелі жыць і любіць, будаваць свой дом, араць зямлю, спадзяваліся на лепшую будучыню, аднак не менш як тры мільёны чалавек былі жорстка знішчаны ворагам, - адзначыў намеснік Генпракурора Беларусі. - Вынікамі расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны даказана, што нямецка-фашысцкія захопнікі і іх пасобнікі знішчылі (спалілі), у тым ліку разам з жыхарамі, не менш за 12 868 беларускіх вёсак.

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін завастрыў увагу, што ў спісе вёсак, якія падзялілі лёс Хатыні – 170 у Віцебскай вобласці.

- Гэта велізарная лічба, - адзначыў кіраўнік рэгіёну. – Гэтак жа, як і тое, што амаль 6 тысяч населеных пунктаў былі спалены ў Віцебскай вобласці. Гэта трэба памятаць. Важную ролю ў справе захавання памяці аб гераізме і трагедыі беларускага народа адыгрывае Генеральная пракуратура, якая ўстанаўлівае новыя месцы пахаванняў і працягвае працу па захаванні гістарычнай праўды.

Аляксандр Субоцін падзякаваў скульптару Івану Казаку і архітэктару Вадзіму Рыбакову, якія ўвекавечылі смутны боль усяго беларускага народа ў мануменце «Дрэва жыцця».

- Упэўнены, гэтае месца стане тэрыторыяй смутку і памяці, - сказаў Аляксандр Міхайлавіч.

- Робячы эскіз, я ўспомніў, як у дзяцінстве мне адна бабуля распавядала, што яна бачыла, як людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны закопвалі жывымі, - распавёў «ВВ» Іван Казак. - Людзі чапляліся рукамі за зямлю, але іх засыпалі.

І яшчэ некалькі дзён зямля хадзіла хадуном. Таму гэтая праца вырасла з таго апавядання, пачутага ў дзяцінстве. І ўдзячны майму сябру – архітэктару Вадзіму Рыбакову, які адвёз гэты знак на рэспубліканскі конкурс. Удзячны доктару абласнога дыягнастычнага цэнтра Валянціне Рыбаковай, якая напісала вершы, што мы бачым на пастаменце.

…На мерапрыемстве гучалі сумныя кампазіцыі і вершы. У завяршэнне прысутныя ўсклалі кветкі да «Дрэва жыцця».

- 80-годдзе Перамогі – гэта памятная дата для кожнага жыхара Беларусі, мы ганарымся дзедамі і прадзедамі, мы павінны шанаваць іх подзвіг, у імя нашага жыцця пад мірным небам, - падзялілася эмоцыямі ад мерапрыемства дзесяцікласніца СШ №34 Карына Мілюха. - Тут ажывае гісторыя.

«Віцебскія весці»