У Віцебскай вобласці стартаваў семінар вадалазна-выратавальных службаў МНС Беларусі, Расіі і Казахстана
Галоўная мэта семінара – абмен вопытам паміж работнікамі вадалазна-выратавальных службаў і навучанне асабовага складу бяспечным метадам вядзення вадалазных работ з лёгкавадалазным і вентыляваным рыштункам, правядзенне падводных пошукава- і аварыйна-выратавальных работ, а таксама падводна-тэхнічных ва ўмовах адмоўных тэмператур паветра.
З самай раніцы адбылося адкрыццё семінара. У межах яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі да брацкай магілы воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні Глыбокага ў ліпені 1944 года. Намеснік начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Маркевіч сказаў: «Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне – гэта непахісная гісторыя, якую мы праносім праз час, перадаём дзецям і захоўваем як вялікую спадчыну народа-пераможцы».
Наступным этапам семінара стала тэарэтычная частка. Удзельнікі разгледзелі пытанні аховы працы і медыцынскага забеспячэння вадалазных спускаў, агульныя метады і спосабы правядзення выратавальных, пошукавых і падводна-тэхнічных работ, астрапоўку і дастаўку прадметаў на паверхню, аказанне дапамогі аварыйнаму вадалазу пад лёдам. Акрамя гэтага, былі разгледжаны і трагічныя выпадкі гібелі вадалазаў і дайвераў.
Значную частку заняло вывучэнне сучасных відаў вадалазнага рыштунку, абсталявання і тэхнікі, іх характарыстык і асаблівасцей прымянення, сярод якіх вадалазны комплекс на базе шасі МАЗ, падводная сувязь Oceanreef Alpha Pro X-divers і інш.
Ужо заўтра ўдзельнікі семінара пяройдуць да яго практычнай часткі: даставанне пацярпелых, правядзенне тэхнічных работ пад вадой і інш. Дарэчы, семінар праходзіць на самым глыбокім возеры Беларусі. З-за яго глыбіні, чысціні вады і стромкіх берагоў яго часта называюць «Беларускім Байкалам».