«Вялікі май Вялікай Перамогі»: больш за 40 мастацкіх кампазіцый прадстаўлена на выставе ў віцебскім ГЦ «Трыё»

«Великий май Великой Победы»: более 40 художественных композиций представлено на выставке в витебском ТЦ «Трио»
«Тое, што было не са мной, памятаю…» Так, словамі са знакамітай песні, можна перадаць уражанне ад выставы «Вялікі май Вялікай Перамогі», якая адкрылася ў Віцебску, у гандлёвым цэнтры «Трыё».

У экспазіцыю ўвайшлі работы, у якіх сённяшняе пакаленне спрабуе перадаць перажыванні дзядоў і прадзедаў, што выстаялі ў ваеннае ліхалецце. Арганізатарам выставы выступілі Віцебскае аддзяленне Беларускай партыі «Белая Русь» і ВДУ імя П. Машэрава.

– Гэты праект нацэлены на тое, каб як мага больш людзей успомнілі пра дні выпрабаванняў, якія выпалі на нашу краіну, пра абаронцаў Айчыны і сустракалі дзень Вялікай Перамогі як належыць нашчадкам пераможцаў, – адзначыла старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь», рэктар ВДУ ім. П. Машэрава Валянціна Багатырава.

На выставе прадстаўлены больш за чатыры дзясяткі мастацкіх кампазіцый з розных куткоў Віцебшчыны. Гэта работы, створаныя членамі «Белай Русі», школьнікамі, выхаванцамі дзіцячых садкоў. У экспазіцыю таксама ўвайшлі два праекты Наваполацкага гарадскога аддзялення партыі – «Мастак, які перамог фашызм» і «Шталаг 354». Апошні прысвечаны адной з трагічных старонак у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – лагеру, арганізаванаму фашыстамі на тэрыторыі ваеннага гарадка Бароўка-1, дзе з 1941 па 1944 гады ўтрымліваліся 29 тыс. воінаў Чырвонай арміі, 18 тыс. з іх загінулі.

Валянціна Багатырава таксама расказала пра іншыя праекты «Белай Русі», прымеркаваныя да 80-годдзя Перамогі. У прыватнасці, пра «Дыктант Перамогі», які будуць пісаць у цягніку Мінск – Масква, абноўлены лічбавы музей, прысвечаны Пятру Машэраву, інтэрнэт-платформу, дзе сабраны ўспаміны ўдзельнікаў і сведкаў Вялікай Айчыннай вайны.

«Віцебскія весці»