«Віцебскія прадукты» павінны стаць гандлёвай сеткай для вытворцаў вобласці
Пра гэта ішла размова 14 кастрычніка ў ходзе рабочай сустрэчы старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва з кіраўніцтвам канцэрна і ААТ «Віцебск-мясамалпрам» (на фота), якое выступае кіруючай кампаніяй гандлёвага прадпрыемства. Месцам правядзення быў абраны магазін №12 на праспекце Фрунзе, раней вядомы як «Колас». На прыкладзе працы гэтага аб'екта кіраўнік вобласці азнаёміўся з бягучай сітуацыяй у сетцы і ацаніў першыя крокі новай кіраўніцкай каманды па вяртанні пакупнікоў у «Віцебскія прадукты».
Нягледзячы на раннюю раніцу, у магазіне панавала ажыўленне. Ужо на ўваходзе Мікалай Шарснёў затрымаўся, каб пагаварыць з групай жанчын пераважна з размешчаных побач дамоў, якія перажываюць за лёс упадабанага аб'екта. Кіраўнік вобласці скарыстаўся магчымасцю папулярызацыі прынятага рашэння непасрэдна сярод тых, хто штодня карыстаецца магазінам, падрабязна расказаў аб перспектывах адраджэння сеткі і запрасіў усіх за пакупкамі.
Па ацэнцы Мікалая Шарснёва, найцяжэйшая сітуацыя на прадпрыемстве стала следствам халатнасці, непісьменнасці і непрафесіяналізму кіраўнікоў. Прааналізаваўшы магчымыя шляхі, па сутнасці, выратавання актыву, вырашана перадаць яго ў склад магутнай вытворчай структуры, якой пад сілу насыціць паліцы якаснай і запатрабаванай прадукцыяй. Тым больш што стварэнне інтэграваных аграпрамысловых структур накіравана ў тым ліку на павышэнне канкурэнтаздольнасці тавараў за кошт зніжэння іх сабе-кошту.
– Сёння шырокі асартымент і прывабная цана – галоўнае для пакупнікоў. Гэта здольны
забяспечыць канцэрн «Мяса-малочныя прадукты», таму ў мяне няма сумневаў у правільнасці прынятага рашэння, – падкрэсліў кіраўнік вобласці. – «Віцебскія прадукты» павінны стаць сеткай прыдзвінскіх вытворцаў прадукцыі, дапаўняць якую мэтазгодна толькі тымі таварамі, якія не вырабляюцца ў рэгіёне».Сёння пры аршанскай інтэграцыйнай структуры ўжо сфарміравана сетка прыкладна з 50 крам. На думку Мікалая Шарстнёва, аналагічная па колькасці аб'ектаў гандлёвая сетка будзе і ў Віцебску, а таксама ў наступным у Полацку і Глыбокім. У аддаленай перспектыве не выключаецца варыянт стварэння на іх базе адзінай гандлёвай кампаніі пад брэндам «Віцебскія прадукты» са 150 – 200 аб'ектаў, якая будзе здольна ўпэўнена канкурыраваць з іншымі рытэйлерамі.
У ходзе мерапрыемства старшыня аблвыканкама нацэліў дырэктара ААТ «Віцебскмясамалпрам» Валерыя Касперовіча і супрацоўнікаў «Віцебскіх прадуктаў» на працу па максімальнай аптымізацыі выдаткаў, выбудоўванні дакладнай асартыментнай палітыкі і стварэнні эфектыўнай сістэмы матывацыі персаналу.
– Мы разумеем, што першы час будзе нялёгка, прадпрыемства закрэдытавана, запазычанасць перад пастаўшчыкамі перавышае 130 млрд рублёў (да дэнамінацыі). Нам даводзіцца вышукваць абаротныя сродкі, укладваць рэсурсы ў тавар, каб вярнуць пакупніка, пераканаць яго ў тым, што крамы забяспечаны ўсім неабходным, – адзначыў генеральны дырэктар ГА «Віцебскі канцэрн «Мяса-малочныя прадукты» Віктар Славецкі. – Для гэтага трэба напружана працаваць, паказваць вынікі кожны дзень. Дадам, што ўжо па выніках амаль тыднёвага знаходжання гандлёвай сеткі ў складзе канцэрна мы бачым, што па асобных крамах дзённая выручка вырасла ў тры разы.
Сяргей Антонаў. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».