Віцебскі аблвыканкам, саюз наймальнікаў і прафсаюзы заключылі трохбаковае пагадненне
– Дадзены дакумент важны, актуальны і ў поўнай меры адлюстроўвае мэты абвешчанай у Беларусі пяцігодкі якасці. Якасць – шырокае паняцце, якое ўключае працу прадпрыемстваў, падрыхтоўку кадраў, сацыяльныя гарантыі і іншыя аспекты. І ўсё гэта накіравана на паляпшэнне якасці жыцця чалавека. Менавіта гэта мы заклалі ў аснову трохбаковага пагаднення. Калі ўсе будуць іх выконваць, то зможам дасягнуць якаснага развіцця нашага рэгіёна, – падкрэсліла намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна.
Папярэдняе пагадненне завершана. Часы, як адзначыла Анжаліка Нікіціна, былі няпростыя, і кавідныя, і санкцыйныя, тым не менш эканоміка Віцебшчыны развіваецца дынамічна, укладваюцца інвестыцыі, нарошчваюцца аб'ёмы выпуску прадукцыі, тавараабароту, вышэй за запланаваныя даходы людзей. Гэта сведчыць аб тым, што партнёрскія дамоўленасці спрацавалі. Новыя таксама ў першую чаргу накіраваны на абарону інтарэсаў грамадзян, павышэнне заробку, садзейнічанне занятасці, выкананне сацыяльных гарантый, што сёння вельмі важна для кожнага работніка. А гэта напрамую звязана з павышэннем прадукцыйнасці працы і ў канчатковым выніку – з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна і краіны.
На сённяшні дзень ахоп такімі пагадненнямі складае 95%, або больш за 3,5 тыс. арганізацый як рэальнага, так і сацыяльнага сектара. Яны, па словах Анжалікі Нікіцінай, з'яўляюцца настольнай кнігай для сумеснымі дзеяннямі ў частцы выканання правоў і гарантый работнікаў. Новы дакумент дапоўнены актуальнымі нормамі, у прыватнасці, яны датычаць падрыхтоўкі кадраў, афармлення маладых спецыялістаў, сацыяльных гарантый працуючым пенсіянерам і іншых.
На важнасць закладзеных у пагадненні гарантый работнікам акцэнтаваў увагу старшыня абласнога аб'яднання прафсаюзаў Юрый Дзеркач.
– Асноўная мэта дакумента – забяспечыць сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна і сацыяльную абарону працоўных калектываў, кожнага грамадзяніна. У ім захаваны важныя складнікі. Гэта заробкі ў бюджэтнай сферы – 80 % ад сярэдняй заработнай платы па краіне, 40 % – у пенсійным забеспячэнні, занятасць, прававая асвета, імкненне да нулявога траўматызму, падрыхтоўка спецыялістаў запатрабаваных рабочых спецыяльнасцей. Прафсаюзы, наймальнікі і ўлада вельмі зацікаўлены ў сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна, што напрамую звязана з павышэннем дабрабыту жыхароў. Важна, каб працоўныя калектывы былі нацэлены на вынік сваёй працы. Бо ад працы эканомікі залежыць узровень жыцця, – растлумачыў Юрый Дзеркач.
Старшыня абласнога саюза наймальнікаў Васіль Чэкан адзначыў, што ўсе кіраўнікі прадпрыемстваў падтрымалі дадзенае пагадненне.
– Яно патрэбна для таго, каб эканоміка вобласці развівалася, а ад гэтага залежыць дабрабыт кожнага жыхара. Гэты дакумент не догма. Калі спатрэбіцца, можна будзе ўнесці некаторыя змены, – падкрэсліў Васіль Чэкан.
"Віцебскія весці"