Уладзімір Юргевіч: «Кадры патрэбны ўсюды, а ў АПК сёння яны асабліва запатрабаваныя»

Владимир Юргевич: «Кадры нужны везде, а в АПК сегодня они особенно востребованы»

Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Уладзімір Юргевіч наведаў Гарадок. У рамках рабочага візіту ён азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, пагутарыў з навучэнцамі і ўручыў дыпломы выпускнікам.

Дакументы з адзнакай аб атрыманні сярэдняй спецыяльнай адукацыі з рук памочніка Прэзідэнта – інспектара па Віцебскай вобласці атрымалі рабяты, якія прадэманстравалі добрыя вынікі ў засваенні вучэбнай праграмы, упэўненыя навыкі падчас вучэбнай і вытворчай практык.

Таксама на базе каледжа арганізавалі дыялогавую пляцоўку, у рамках якой навучэнцы трэціх курсаў змаглі пагутарыць з госцем і задаць яму пытанні.
– Кадры патрэбны ўсюды, але ў аграпрамысловым комплексе сёння яны асабліва запатрабаваныя, – звярнуўся да рабят Уладзімір Юргевіч. – Атрымаўшы адукацыю, вы паедзеце па размеркаванні на першыя працоўныя месцы, будзеце набірацца прафесійнага вопыту ў сектары АПК.

Уладзімір Іосіфавіч адзначыў, што ў вобласці рэалізуюцца розныя мерапрыемствы, накіраваныя на замацаванне кадраў. У прыватнасці, дзейнічае шырокая праграма будаўніцтва арэнднага жылля з акцэнтам на рэгіёны, укараняюцца новыя падыходы да арганізацыі працы, маладыя спецыялісты пастаянна знаходзяцца ў полі зроку настаўнікаў і кіраўніцтва прадпрыемстваў.

Уладзімір Юргевіч наведаў навучальныя аўдыторыі, лабараторыі, майстэрні, вытворчыя пляцоўкі і рэсурсны цэнтр «Дыягностыка, эксплуатацыя, рамонт і тэхнічнае абслугоўванне энергонасычаных трактароў». Памочніка Прэзідэнта ў першую чаргу цікавіла, наколькі выпускнікі каледжа будуць гатовыя выконваць пастаўленыя перад імі задачы на першых працоўных месцах. А гэта напрамую залежыць ад якасці практычных заняткаў пры падрыхтоўцы будучых аграрыяў.

Госцю прадэманстравалі, што ў кузні кадраў для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рабят вучаць на сумленне, нездарма за ўстановай адукацыі даўно замацавалася слава адной з лепшых на Віцебшчыне па дадзеным профілі. Там не толькі асвойваюць працу на трактарах і камбайнах (на спецыяльных сімулятарах і за рулём сапраўднай тэхнікі), але і вывучаюць механізмы знутры. Прычым рухавік бачаць не на малюнку, а маюць магчымасць праводзіць рэальную дыягностыку няспраўнасцей, устараняць іх пад кіраўніцтвам вопытных майстроў.

Акрамя арганізацыі навучальнага працэсу Уладзімір Юргевіч ацаніў умовы пражывання навучэнцаў і тое, як арганізаваны іх харчаванне і вольны час. Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці наведаў інтэрнат каледжа, спартыўную залу, сталовую.

Віцебскія весці