Выязны семінар «Беларусь і мы»: віцебская моладзь азнаёмілася з вытворчасцю на МЗКЦ «Волат»
– Галоўная мэта міжрэгіянальнага семінара – пазнаёміцца з арганізацыяй працы на прадпрыемстве, – адзначыў намеснік начальніка аддзела галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Вячаслаў Хрол. – Многія падыходы, якія выкарыстоўваюць нашы калегі, прымяняюцца і ў нашай вобласці. Ёсць і моманты, якія плануем узяць на ўзбраенне і рэалізоўваць у сваёй рабоце ў далейшым.
Выязны семінар «Беларусь і мы» стаў для ўдзельнікаў магчымасцю абмяняцца вопытам з калегамі па цэху, якія працуюць у іншай вобласці. Наладжванне сувязяў паміж супрацоўнікамі прадпрыемстваў дапаможа развіваць іх працу ў далейшым.
– Маючы сяброўскія кантакты, людзі змогуць абмяркоўваць рознага роду пытанні, у тым ліку і прафесійныя. Для іх адкрыта магчымасць наладзіць камунікацыю адзін з адным і вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць у галіне, – падкрэсліў Вячаслаў Хрол.
Знаёмства з працай завода пачалося з наведвання музейна-выставачнага комплексу «Волат». Прысутным расказалі гісторыю прадпрыемства, прадэманстравалі макеты вырабляемых установак і адказалі на пытанні, якія іх цікавілі.
Далей удзельнікі семінара мелі магчымасць паназіраць за працай тых, хто штодня вырабляе дэталі для стварэння абароннай моцы нашай краіны. У цэху гнуткіх вытворчых сістэм яны ўбачылі маніпуляцыі з «унутранасцямі» будучых Волатаў, а ў цэху зборкі і выпрабавання аўтамабіляў – ужо практычна гатовыя машыны.
Пачатак семінару даў прагляд карпаратыўнага фільма МЗКЦ «Сіла Волата». Вячаслаў Хрол уручыў супрацоўнікам прадпрыемства памятны падарунак – кнігу «Подзвіг любові і вернасці Богу».
У рамках мерапрыемства абмеркавалі работу з маладымі спецыялістамі. Ад Віцебскай вобласці пра гэта падрабязна распавёў спецыяліст па рабоце з моладдзю ААТ «Нафтан» Святаслаў Сушыцкі:
– На нашым заводзе дзейнічае Савет моладзі. Мы прымаем да сябе ўсіх маладых супрацоўнікаў, галоўнае, каб у іх было жаданне прынесці карысць і ўнесці ўклад у развіццё прадпрыемства, – адзначыў спікер.