Мікалай Шарснёў на нарадзе па пытаннях навядзення парадку ў жывёлагадоўлі: «Не трэба думаць, што гэта проста чарговая хваля кантролю»

На нарадзе ў Віцебскім аблвыканкаме абмяркоўваюцца пытанні навядзення парадку ў жывёлагадоўлі і забеспячэння плановай вытворчасці сельгаспрадукцыі з пачаткам пашавага перыяду.

24 мая адбылася другая такая размова па выніках заўваг і даручэнняў, дадзеных тыднем раней. Адмыслоўцы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, падпарадкаваных арганізацый рэгулярна выязджаюць у гаспадаркі, якія не забяспечваюць планавых прыростаў і надояў, каб высветліць прычыны і дапамагчы ім у кароткія тэрміны наладзіць тэхналагічныя працэсы.

Па словах намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Барыса Ефрэмава, недахопаў выяўляюць шмат, гэта тычыцца ўтрымання і кармлення жывёлы, забеспячэння яе захаванасці, апладнення і гэтак далей. На нараду з удзелам старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шэрстнёва запрасілі кіраўнікоў, намеснікаў кіраўнікоў такіх сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікоў райсельгасупраўленняў, каб агульнымі намаганнямі навесці парадак у галіне жывёлагадоўлі.

-- Вашы гаспадаркі – гэта той рэзерв, за кошт якога вобласць можа значна прыбавіць у вытворчасці малака і мяса і загрузцы перапрацоўчых прадпрыемстваў, увайсці ў тройку лепшых у краіне, калі кожная забяспечыць хаця б сярэднеабласныя паказчыкі, -- сказаў, звяртаючыся да прысутных, Мікалай Шэрстнёў. – Пачатая намі паслядоўная праца павінна даць вынік. І не трэба думаць, што гэта проста чарговая хваля кантролю, маўляў, пашумяць, а з часам усё вернецца на кругі свае. Не! Мінулы тыдзень паказаў, што толькі некаторыя пранікліся пачуццём адказнасці за вынікі сваёй працы. У гаспадарках, якія не забяспечваюць у майскія дні нават 500-грамавыя прыросты буйной рагатай жывёлы, сістэмнага падыходу няма. Нават калі навялі бягучы парадак, трэба думаць пра такія складнікі ўстойлівасці сістэмы як належная матывацыя працы, не кажучы ўжо пра бездакорнае выкананне ўсіх элементаў тэхналагічных працэсаў.

Першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Уладзімір Машэра з дапамогай слайдаў прадставіў увазе аўдыторыі вынікі паўторнага абследавання гаспадарак. Па яго словах, у Докшыцкім раёне рэакцыя на заўвагі правяраючых была больш актыўнай, чым у іншых рэгіёнах. Тым не менш, і тут работы яшчэ непачаты край. Напрыклад, па патрабаванні абласных спецыялістаў перавялі напаўгалодных цялят на кармленне сіласам са стрэтч-плёнкі, заняліся закупкай сасковых вёдраў, пастэрызатараў для падагрэву малака і якаснага выпойвання. У многіх месцах патрабуецца збудаваць выгульныя пляцоўкі на вуліцы і навесы для ўкрыцця моладзі ў непагадзь, каб яна атрымлівала дадатковую інсаляцыю, а не поўзала ў цесных клетках без добрай падсцілкі. Якія ўжо там прывагі пры дрэнным доглядзе! Да таго ж, адзначыў Мікалай Шарснёў, стварэнне належных умоў утрымання не толькі аздараўляе пагалоўе, а і скарачае аб'ём ручной працы на фермах, дазваляе забяспечыць большую выпрацоўку, а значыць, і зарплату жывёлаводаў.

Пытанні да кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў гучалі простыя і відавочныя. Чаму жывёла не выведзена на выгульнае ўтрыманне, цялятам не рыхтуюць кармавую сумесь і не забяспечваюць глыбокую падсцілку? Ці разабраліся дасканала ў прычынах пагалоўя моладзі, якія меры прынялі для яго недапушчэння ў далейшым? Чаму не рамантуюць траншэі для закладкі кармоў? Бо інакш не будзе іх якасці ў будучыні стойлавы перыяд. Нарэшце, чаму ўказваць на неабходнасць вырашэння такіх відавочных для любога кіраўніка пытанняў трэба спецыялістам, якія прыязджаюць з вобласці? Адказ многіх пераканаўчасцю і рашучасцю выправіць становішча спраў не адрозніваўся. На што старшыня аблвыканкама заўважыў, што парадак павінен быць і будзе наведзены ў любым выпадку. Любая тэхналогія дае вынік, калі яна дакладна выконваецца, жывёлагадоўля тут – не выключэнне. Сёння, калі на ўгоддзях ужо вырасла ў пояс трава для зялёнага корму, трэба мець 1000-грамовыя прывагі, а не гаварыць пра 500 грамаў.

Нарада разгледзела бягучую сітуацыю ў Глыбоцкім, Шаркаўшчынскім і іншых раёнах у кантэксце выканання праграмы рамонту і рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў для забеспячэння кругласутачнага тэхналагічнага ўтрымання жывёлы. На месцах разумеюць важнасць прывядзення ферм да сучасных стандартаў і прымаюць меры. Да пачатку стойлавага перыяду па вобласці будзе абноўлена 80 – 100 ферм. Але і гэтага недастаткова. Стрымлівае маштабы адсутнасць матэрыяльных і фінансавых сродкаў. Праграма будзе працягнута ў наступным годзе, каб у выніку да 80 працэнтаў перспектыўных жывёлагадоўчых памяшканняў, дзе будзе сканцэнтравана пагалоўе, адпавядалі сённяшнім патрабаванням.