Мікалай Шэрстнёў запатрабаваў выбудаваць з нуля сістэму будаўнічай індустрыі ў рэгіёне з улікам патрабаванняў сучаснасці
Сёння ёсць шмат магчымасцей, каб гэтая сфера стала адным з ключавых драйвераў росту эканомікі. Здавалася б, жыллёвае будаўніцтва — той паказчык, які ў пэўнай меры «выцягвае» ўсю галіну. Аднак некаторыя індыкатары яго развіцця даюць збой. Большасць пытанняў на слыху і навідавоку, паколькі тычыцца многіх грамадзян. І гэта, у першую чаргу, затрымка ўводу жылля ў эксплуатацыю. Таму вастрыня наспелых праблем вызначыла дзелавую танальнасць пасяджэння аблвыканкама.
— Сёлета жылы фонд рэгіёна прырос на 166,7 тыс. кв. м, што складае 57,7% ад запланаванага на 2016-ы, — такія лічбы прывёў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Ігар Ісачэнка.
Здавалася б, агульная карціна вымалёўваецца станоўчая, але ў
Расонах і Наваполацку два шматкватэрныя дамы будуюцца з перавышэннем
нарматыўных тэрмінаў. Папоўніў гэты спіс в. Лужасна Віцебскага раёна, дзе
узвядзенне 40-кватэрнага жылога дома зацягваецца на 17 месяцаў. Атрымаў «этыкетку»
праблемнага 108-кватэрны дом у Оршы. А вось некаторыя ўжо завершаныя аб'екты не
абышліся без значных заўваг па якасці работ, і, як следства, быў сарваны іх
увод у эксплуатацыю. З'яўленне ў рэгіёне падобных сітуацый павінна
разглядацца як надзвычайнае здарэнне, а не ўспрымацца як
прывычная практыка, перакананыя ўдзельнікі абмеркавання.
— Будаўніцтва жылля — гэта катэгорыя не толькі сацыяльна-эканамічная, але і
палітычная. За людзьмі, калі ў іх сарваўся ўвод дома, стаяць сваякі,
блізкія. Зыходзячы з гэтага, фарміруецца грамадская думка аб усёй галіне ў
цэлым, — адзначыў старшыня
Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Леанід Анфімаў,акцэнтруючы ўвагу на строгім выкананні рэгламенту будаўнічага працэсу.
У сваю чаргу, Мікалай Шэрстнёў запатрабаваў неадкладна навесці парадак у галіне і вывесці яе на новы ўзровень развіцця.
– Сёння неабходна захаваць будаўнічую індустрыю з тым разлікам, каб не страціць высокакваліфікаваных спецыялістаў, добрых рабочых. Мы павінны выбудаваць новую сістэму з улікам патрабаванняў сучаснасці. Трэба стварыць мінімальна затратную вытворчасць, але высокапрафесійную, — нацэліў кіраўнік вобласці.
Разам з тым Мікалай Мікалаевіч пацікавіўся ў удзельнікаў абмеркавання аб бачанні шляхоў выхаду са створанай сітуацыі. Так, генеральны дырэктар КУППСП «Полацксельбуд» Аляксандр Сямёнаў перакананы, што галіну губяць тэндары.
— Чапляемся за танны праект, і ніхто не ведае канчатковага выніку. Не выратуе будаўнічы комплекс і экспарт, стаўку на які робім сёння. Гэта згуляе ролю толькі для асобных прадпрыемстваў, якія маюць высокатэхналагічныя прапановы, — сказаў Аляксандр Міхайлавіч, падкрэсліўшы важнасць павелічэння прыбытку за кошт скарачэння выдаткаў.
Больш дэталёва распрацаваць інструменты, якія выведуць усю будаўнічую сістэму Віцебшчыны на новы ўзровень, старшыня аблвыканкама даручыў спецыялістам у якасці «дамашняга задання». Нягледзячы на тое, што ацэнкі галіны прагучалі, галоўныя высновы і рашэнні яшчэ наперадзе.
Вольга Булавка, «Віцебскія весці».