Мікалай Шарснёў правёў прэс-канферэнцыю для журналістаў
Напярэдадні прафесійных свят друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў правёў вялікую прэс-канферэнцыю, падчас якой адказаў на пытанні журналістаў рэгіянальных і рэспубліканскіх выданняў.
Падчас сустрэчы былі закрануты розныя тэмы, якія тычацца развіцця вобласці, эканомікі, сацыяльнага жыцця, выхавання падрастаючага пакалення, спорту.

Вызначыць прыярытэты
Адной з важных праблем, на якіх спыніўся кіраўнік вобласці, – прыярытэтныя напрамкі развіцця рэгіёну. Журналісты цікавіліся: за кошт чаго Віцебшчына магла б зрабіць значны рывок наперад?
– Віцебскі край валодае пэўнымі рэсурсамі: гэта зямля, лес, вада, торф, пясок. Трэба ўкладваць сілы туды, дзе мы можам рэальна атрымаць аддачу. Сельская гаспадарка ў параўнанні з 1990-мі ў два разы знізіла вытворчасць. Варта набіраць магутнасці. Ад гэтага залежыць загрузка мясных, малочных перапрацоўчых прадпрыемстваў. Павялічыцца рэнтабельнасць – з'явіцца прыбытак, які пойдзе на вырашэнне сацыяльных праблем, паляпшэнне жыцця людзей. Не стварыўшы новыя ўмовы гаспадарання на зямлі, мы не зможам гэта зрабіць, – перакананы Мікалай Шарстнёў.
Кіраўнік рэгіёну адзначыў, што, працуючы на сучасных вытворчасцях, жывучы ў добраўпарадкаваных дамах, людзі не захочуць з'язджаць з сельскай мясцовасці. Будзе вырашана праблема з кадрамі. На Віцебшчыне плануецца пабудаваць 10 ферм на 2 тыс. дойных кароў кожная.
– Тут мы збяром усё самае лепшае, што ёсць у Беларусі, у свеце. Надой будзе складаць па 25 літраў ад каровы ў суткі, гэта 500 тон малака – трэць таго, што дае ўся вобласць у зімовы перыяд, – падзяліўся планамі Мікалай Мікалаевіч.
Эфектыўнае кіраванне
Ва ўдзельнай вазе прамысловасці палова прыпадае на долю «Нафтана». Сёння на парадку дня – сысці ад залежнасці рэспубліканскіх прадпрыемстваў, развіваць уласныя вытворчасці.

З гэтай мэтай у вобласці створана дзяржаўнае аб'яднанне прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці. Дадзенае рашэнне накіравана на эфектыўнае кіраванне дзяржуласнасцю і кантроль над працай прадпрыемстваў.
– Прамысловасць у апошнія гады ў параўнанні з сельскай гаспадаркай аказалася менш кіраванай. Селам мы займаліся на розных узроўнях, шукалі схемы, як дапамагчы стратным гаспадаркам, забяспечыць іх палівам, угнаеннямі, адрамантаваць тэхніку. У прамысловасці няма органа, які б прымаў нейкія рашэнні. Давялі «КІМ» да ручкі і ў выніку закрылі прадпрыемства. Нібы гэта рэспубліканская ўласнасць, але людзі ж нашы. Ці іншы прыклад: адразу ў некалькіх раёнах шыюць спецаўку, а прадаць не могуць – на рынку зашмат.
Як не могуць дамовіцца аб цэнах «Кераміка» і обольскі завод, якія выпускаюць адзін від цэглы. Часам рашэнне аб мадэрнізацыі прадпрыемства прымаецца толькі зыходзячы са слоў яго кіраўніка. Укладваюцца сродкі, бяруцца крэдыты, а дырэктар звольніўся, і высвятляецца, што грошы былі пушчаны на вецер, – распавёў пра надзённае кіраўнік вобласці.
Аб'яднанне мясцовай прамысловасці дазволіць палепшыць кіравальнасць гэтай сферай, вызначыць прыярытэты, узгадніць дзеянні. У будучыні ў гэту структуру можа ўвайсці і гандлёвы аддзел, які зоймецца рэалізацыяй прадукцыі, заключэннем дагавораў.
Адказваючы на пытанне, чаго не хапае для больш эфектыўнай эканомікі: фінансавых інструментаў, тэхналогій, інтэлектуальнага рэсурсу ці кіраўніцкага майстэрства, Мікалай Шарснёў прывёў у прыклад гаспадаркі, якія знаходзяцца ў роўных умовах. У адной добрыя паказчыкі, людзі атрымліваюць годнае зарплату, у другой – зачынены рахункі, нізкая ўраджайнасць.
– Як бы гэта банальна ні гучала, у першую чаргу кадры вырашаюць усё. Нядаўна я пабываў у гаспадарцы «Лаўрынаўка» Аршанскага раёна. У гэтым сельгаспрадпрыемстве адзін працаўнік вырабляе прадукцыі на 800 млн недэнамінаваных рублёў. Гэта нашмат больш, чым на некаторых прадпрыемствах рэспубліканскай уласнасці, дзе часам такі паказчык складае 60 млн.
Паўтара-два гады таму стаяла пытанне аб закрыцці ў Воршы малочнага, мясакамбіната, камбінат хлебапрадуктаў быў увесь у даўгах, але сёння дадзеныя прадпрыемствы працуюць. І ў гэтым немалая заслуга кіраўнікоў, якім давялося прымаць адказныя рашэнні, – падкрэсліў Мікалай Шарстнёў.
Умовы для бізнесу

Не засталася ўбаку і тэма ўзаемаадносін улады і бізнесу. Як растлумачыў Мікалай Шарстнёў, яны за апошнія гады сфарміраваны, а вось умовы для развіцця прыватнага прадпрымальніцтва, на жаль, не створаны. Каб раскруціць інвестыцыйны праект, сыходзіць шмат часу. У развітых краінах бізнес займае да 70% у фарміраванні бюджэту. У нас пакуль – 20%, і гэта ўжо важкая лічба. Праблем, як адзначыў кіраўнік вобласці, у гэтай сферы хапае.
– Для маладога чалавека, які вырашыў адкрыць сваю справу, патрэбен стартавы капітал. Дзе яго ўзяць? У яго няма ні кватэры, ні машыны, але ёсць добрая ідэя. Мы выйшлі з прапановай на базе Аршанскага раёна правесці эксперымент – крэдытаваць пад бізнес-план, а залогам будзе само будучае прадпрыемства. Паглядзім, што атрымаецца. Трэба падштурхнуць ініцыятыўных людзей ісці ў бізнес, – лічыць Мікалай Шарстнёў.
Будучыня за інтэграцыяй
Асаблівую ўвагу кіраўнік вобласці надаў інтэграцыйным структурам, якія ствараюцца на Віцебшчыне. У гэтым годзе неабходна аб'яднаць прадпрыемствы, якія ўваходзяць у інтэграваныя сістэмы, у адзінае цэлае. Пакуль яны існуюць паасобку, кожнае з'яўляецца юрыдычнай асобай, мае свой рахунак у банку і г. д.

– Мэта гэтага аб’яднання – вырабіць тавар, танны для пакупніка і канкурэнтаздольны на знешнім рынку. Паглядзіце, што адбываецца. Сельгаспрадпрыемства пастаўляе збожжа на камбінат хлебапрадуктаў па пэўнай цане, яно вяртаецца ў гаспадарку ў выглядзе камбікармоў, падаражэўшы ў разы. У вытворчасці свініны і птушкі канцэнтраты займаюць 70%. Пакуль прадукт трапіць да спажыўца, ён пройдзе праз многія структуры, якія хочуць атрымаць прыбытак. Пры гэтым і гаспадарка не багацее, і перапрацоўчае прадпрыемства беднае, і гандаль не тлусцее. А грошы рас-тварыліся, – растлумачыў Мікалай Шарснёў.
У інтэграцыйнай жа структуры не будуць закладваць прыбытак на прамежкавых этапах. Скароціцца кіраўніцкі апарат. Важна і тое, што аб’яднанне дазволіць цэнтралізаваць капітал.
– Сёлета для інтэграцыйных структур мы набылі больш за 500 адзінак найноўшай тэхнікі. Неабходна стварыць самую сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу, каб атрымаць максімальны эфект у эканоміцы, – падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч і адзначыў істотныя зрухі ў гэтым напрамку.
Беларусь – Расія
Журналістаў цікавілі і адносіны з усходнім суседам, у прыватнасці, вынікі візітаў старшыні аблвыканкама ў расійскія рэгіёны.

– Каб разумець адзін аднаго, мы павінны сустракацца, размаўляць. Не сакрэт, што калі фарміруюцца асобасныя, сяброўскія адносіны, лягчэй выбудоўваць эканоміку двух рэгіёнаў. Стаўку трэба рабіць на стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Усе ведаюць аб праблемах на малочна-мясным рынку, якія перыядычна ўзнікаюць. Калі б у нас была выбудавана эканоміка сумесных беларуска-расійскіх вытворчасцей, сыравінных зон, ферм, ніякіх мясных і малочных войнаў не было б. Гэта гарант працы абодвух бакоў. А ў будучыні можна гаварыць аб агульных цэнах на газ, энерганосьбіты і таму падобнае, – растлумачыў Мікалай Шарснёў.
Кіраўнік вобласці расказаў пра сваю паездку ў Астраханскую вобласць. Там пабудавалі завод па перапрацоўцы малака, але не могуць запусціць, бо няма сыравіны. У ходзе размовы з кіраўніцтвам рэгіёну вырашана было прыцягнуць нашых спецыялістаў, падумаць, як наладзіць сумесную вытворчасць. Віцебская вобласць будзе пастаўляць сыравіну, там яе перапрацоўваць і прадаваць. Пытанні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва прапрацоўваюцца і з Валгаградскай, Бранскай, іншымі абласцямі.
Трэба думаць і пра тое, як прадаць у іншай краіне тавар без пасрэднікаў, якія павялічваюць яго кошт. Супаставіўшы цэны на расійскім рынку з адпускнымі нашых прадпрыемстваў, бачым вялікую розніцу, якая асела ў кішэнях пасрэдніцкіх фірмаў. Няпроста зайсці на ўжо сфарміраваны рынак. Сустрэчы кіраўніцтва рэгіёнаў дапамагаюць вырашыць і гэтыя пытанні, заключыў кіраўнік вобласці.
Аб занятасці, краязнаўстве і спорце
Пытанні, якія задавалі журналісты ў ходзе сустрэчы з Мікалаем Шарстнёвым, датычыліся зваротаў на "прамую лінію" да кіраўніка вобласці, вырашэння праблем занятасці насельніцтва, узроўню школьнай і ВНУ адукацыі, стаўлення да спорту. На ўсе Мікалай Мікалаевіч даў вычарпальныя адказы.
У прыватнасці, расказаў, што заўсёды трымае на кантролі скаргі жыхароў Віцебшчыны, якія звярнуліся да яго па дапамогу. На жаль, многія з праблем можна было б вырашыць на першасным узроўні, але з-за халатнасці, бяздзейнасці некаторых кіраўнікоў людзям даводзіцца звяртацца ў аблвыканкам.
Пытанне занятасці насельніцтва кіраўнік рэгіёну назваў адным з краевугольных. З-за няўстойлівай працы прадпрыемстваў на рынку працы ўзнікла пэўная напружанасць. Задачы па яе мінімізацыі пастаўлены. Актыўна ідзе працэс перапрафілявання стратных вытворчасцей. Адначасова арганізуюцца новыя. Вельмі важна захаваць кваліфікаваныя кадры, ствараць новыя працоўныя месцы.

Кіраўнік вобласці лічыць, што трэба павысіць узровень адукацыі. У першую чаргу – вышэйшай. Многія выпускнікі, прыйшоўшы на вытворчасць, адчуваюць сябе бездапаможнымі, не валодаюць практычнымі навыкамі. Маладых спецыялістаў трэба накіроўваць у моцныя гаспадаркі, каб яны навучыліся, як трэба працаваць, а затым ужо – даручаць больш складаную справу. Мікалай Шарстнёў падтрымаў прапанову ўвесці ў навучальны школьны працэс курс краязнаўства. Дзеці павінны ведаць сваю гісторыю.
Завяршылася больш чым двухгадзінная размова спартыўнай тэмай. Кіраўнік рэгіёну лічыць, што трэба адкрываць больш секцый, ставіць у дварах вулічныя трэнажоры, укладваць сродкі ў развіццё перспектыўных алімпійскіх відаў спорту. Сам ён заўсёды знаходзіць час для заняткаў. Захапляецца гіравым спортам, дзе паказвае нядрэнныя вынікі. Каб абараніць гонар Віцебшчыны, праз гады ўстаў на лыжы і прывёў каманду Віцебскага аблвыканкама да перамогі. Спорт дапамагае падтрымліваць фізічную форму, якая так неабходна кіраўніку.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці".