Наўтбук, флэшка, ілжывы данос…

27-гадовая дзяўчына вырашыла прымножыць свае зберажэнні за кошт аферы з камп'ютарнай тэхнікай, якую нібыта выкралі ў яе цыганы на вакзале.


Ідэя ажыццявіць такую аванцюру прыйшла ў галаву яе сужыцелю, які ўгаварыў звярнуцца з заявай у дзяжурную частку Віцебскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце. Дзяўчына расказала, што ў яе выкралі ноўтбук, правадную мыш, флешку і талон на дадатковае сэрвіснае абслугоўванне на агульную суму амаль 7 млн рублёў. Праваахоўнікі, западозрыўшы неладное, нагадалі аб адказнасці за ілжывы данос аб здзяйсненні злачынства, але яна ўсё роўна настойвала на сваім.


Сумненні, якія ўзніклі ў супрацоўнікаў міліцыі пры аглядзе месца здарэння, пацвердзіліся. Як аказалася, грамадзянскія муж і жонка старанна прадумалі схему дзеля атрымання страхавога пакрыцця — «выкрадзены» ноўтбук быў набыты ў крэдыт, застрахаваны і адразу ж прададзены. Дзеянні «пацярпелай» кваліфікаваны па ч. 1 арт. 400 КК.


— Хлусня, якая перашкаджае ажыццяўленню правасуддзя, цягне за сабой крымінальную адказнасць. Абвінавачаную асудзілі да пазбаўлення волі на 1 год і 10 дзён, — адзначыла памочнік Віцебскага транспартнага пракурора Вікторыя Шавярноўская.


Дзяўчына адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Такая строгая санкцыя была ўжыта да абвінавачанай, паколькі на момант здзяйснення злачынства ў сваім крымінальным багажы яна ўжо мела ўмоўны тэрмін за крадзеж.


Вольга БУЛАВКА, «Віцебскія весці».