Новага памочніка Прэзідэнта Беларусі – інспектара па Віцебскай вобласці Аляксандра Субоціна прадставілі актыву Віцебскага аблвыканкама
Аляксандр Субоцін адзначыў, што галоўнае багацце рэгіёну – гэта яго жыхары. «У вобласці жывуць працавітыя людзі, якія могуць усяго дасягнуць і многае зрабіць, калі ім стварыць аптымальныя ўмовы для працы. На гэтым трэба акцэнтавацца – даваць магчымасць спецыялістам, прафесіяналам, работнікам усіх сфер эфектыўна працаваць», – перакананы памочнік Прэзідэнта. Ён таксама адзначыў, што не дзеліць пытанні, якія яму трэба будзе вырашаць, на менш і больш важныя. «Усё важна – і сацыяльная сфера, і прамысловасць, і сельская гаспадарка», – сказаў Аляксандр Субоцін.
Новага інспектара па Віцебскай вобласці па даручэнні Адміністрацыі Прэзідэнта прадставіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў. Кіраўнік рэгіёну падкрэсліў, што адна з галоўных місій памочніка Прэзідэнта ў рэгіёне – кантроль за выкананнем даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Мікалай Шэрстнёў разлічвае на сумесную эфектыўную працу па вырашэнні праблемных пытанняў, якіх у рэгіёне нямала. «Вы нарадзіліся і выраслі, працавалі тут, таму ведаеце сітуацыю», – дадаў ён.
Аляксандр Субоцін у сваю чаргу адзначыў, што нават у тыя некалькі гадоў, якія працаваў у сталіцы, не губляў сувязі з Віцебскам. "Прыязджаў у выхадныя. Тут жыве мая сям'я. Вобласць мне сапраўды родная. І хацелася б дапамагчы ў яе развіцці. Сумеснымі намаганнямі гэта зрабіць лягчэй", - сказаў ён.
Раней Аляксандр Субоцін займаў пасаду намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання - дырэктара Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду. На пасадзе памочніка Прэзідэнта - інспектара па Віцебскай вобласці ён змяніў Аляксандра Пазняка, які цяпер кіруе Аршанскім раёнам на пасадзе старшыні райвыканкама.
БЕЛТА. Фота "Віцьбічы" і "Віцебскія весці".