Наваполачанін падробiў пасведчанне інваліда, каб бясплатна ездзіць на цягніку
Спроба зэканоміць абышлася яму крымінальным штрафам.
47-гадовага мужчыну затрымалі ў цягніку «Маладзечна-Полацк». Пры праверцы праязных дакументаў пасажыр прад'явіў кантралёру-рэвізору фальшывае пасведчанне інваліда. Апошні ж адразу распазнаў падробку, канфіскаваў яе і перадаў супрацоўнікам міліцыі.
Як аказалася, наваполачанін насамрэч раней быў інвалідам другой групы. Пры чарговым асведчанні папрасіў урачоў змяніць інваліднасць на трэцюю працоўную, паколькі хацеў працаўладкавацца. Гэта пасведчанне з-за пэўнай ступені зносу страціла свой знешні выгляд, таму знаходлівы мужчына вырашыў абвесці ручкай запісы, якія змяшчаюцца ў дакуменце, змяніўшы пры гэтым не толькі даты, але і групу інваліднасці. За свой учынак яму давядзецца заплаціць 9 мільёнаў.
— Часцей за ўсё мы сутыкаемся альбо з падробкай афіцыйных дакументаў, якія даюць права на бясплатны праезд, альбо з сапраўднымі дакументамі, але аформленымі на іншых асоб, — тлумачыць памочнік Віцебскага транспартнага пракурора Вікторыя Шавярноўская. — Пры гэтым толькі пасля затрымання да фігурантаў прыходзіць разуменне таго, што яны могуць быць прыцягнуты менавіта да крымінальнай адказнасці за здзяйсненне злачынства, а не за безбілетны праезд, адказнасць за які, як вядома, прадугледжана нормамі адміністрацыйнага заканадаўства.
Вольга Булавка, «Віцебскія весці».