Аб дзейнасці натарыята
Прававую аснову дзейнасці натарыята складае ў першую чаргу, вядома ж, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Асноўныя палажэнні, якія тычацца натарыята, устаноўлены Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2004 г. №305-З «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці». Дадзены Закон вызначае прававыя, арганізацыйныя, сацыяльна-эканамічныя асновы натарыята, задачы і прынцыпы натарыяльнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама рэгулюе адносіны ў галіне ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасці.
Сярод іншых нарматыўна-прававых актаў варта вылучыць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.08.2011 № 366 «Аб некаторых пытаннях натарыяльнай дзейнасці». Ён быў выдадзены з мэтай удасканалення парадку задавальнення бясспрэчных патрабаванняў грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама для палягчэння становішча эканамічных (на той момант яшчэ гаспадарчых) судоў. У дадзеным указе даецца пералік выканаўчых надпісаў, якія могуць здзяйсняць натарыусы, устанаўліваецца стаўка дзяржаўнай пошліны за іх і парадак яе аплаты.
10 жніўня 2015 года ўступіў у законную сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 07.05.2015 № 195 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», якім уносяцца змяненні і дапаўненні ва Указ ад 11.08.2011 № 366 «Аб некаторых пытаннях натарыяльнай дзейнасці». Дадзеным Указам пашыраецца пералік патрабаванняў, спагнанне па якіх павінна ажыццяўляцца праз здзяйсненне выканаўчага надпісу натарыуса, які з'яўляецца выканаўчым дакументам і падлягае выкананню ў парадку, устаноўленым заканадаўствам. Падобныя
меры былі накіраваны на зніжэнне нагрузкі на суды, чаго ў цэлым удалося дасягнуць.Пасля ўступлення Указа ў законную сілу асноўную масу запазычанасці, якая раней спаганялася ў эканамічных судах у парадку загаднага вядзення, можна спагнаць шляхам здзяйснення выканаўчага надпісу ў натарыуса. Больш таго, Указ №195 устанаўлівае прамую забарону на звароты ў суды агульнай юрысдыкцыі ў парадку загаднага вядзення з патрабаваннямі аб спагнанні грашовых сум (запазычанасці), прадугледжаныя ў частцы першай пункта 1 Указа №195, да якіх, у тым ліку, адносяцца і вышэйпералічаныя. Такім чынам, заканадавец кардынальна знізіў нагрузку на судовую сістэму, даўшы магчымасць суб'ектам гаспадарання звяртацца да натарыусаў за атрыманнем выканаўчага надпісу ў сітуацыях, калі запазычанасць даўжніком фактычна прызнаецца, але не аплачваецца з-за нейкіх абставін.
Памочнік Віцебскага транспартнага пракурора
малодшы саветнік юстыцыі В.В. Шэвяржынская