Аб правілах карыстання жылымі памяшканнямі

Практычна кожны з нас хаця б раз сутыкаўся з праблемай шумных суседзяў, аматараў застолляў па месцы жыхарства, альбо гадамі рамантуючых свае кватэры, стукаючы і свідруючы па вечарах.  

Асноўны дакумент, у якім пазначана, што можна і чаго нельга рабіць жыхарам шматкватэрных дамоў, – «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў» (зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 мая 2013 года). У іх вызначана, што грамадзяне абавязаны карыстацца тэлевізарамі, радыёпрыёмнікамі, магнітафонамі і іншымі гучнагаварыльнымі прыладамі толькі пры ўмове змяншэння чутнасці да ступені, якая не парушае спакою іншых грамадзян у жылым доме. А ў начны час (з 23:00 да 7:00) не павінны здзяйсняцца дзеянні, якія ствараюць вібрацыю і шум (у тым ліку праз гульню на музычных інструментах, гучную мову і спевы, прымяненне піратэхнічных сродкаў, выкананне бытавых (рамонтных) работ, правядзенне ручных пагрузачна-разгрузачных работ і іншыя дзеянні).

Акрамя таго, ажыццяўляць работы па пераабсталяванні і (або) перапланіроўцы, якія ствараюць шум або вібрацыю, у выхадныя і святочныя непрацоўныя дні, а таксама раней 9 гадзін і пазней 19 гадзін у працоўныя дні забаронена.

За невыкананне (неналежнае выкананне) названых абавязкаў, а таксама за парушэнне іншых палажэнняў, замацаваных у Правілах карыстання жылымі памяшканнямі, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па арт. 21.16 КоАП Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з п. 12 ч. 1 арт. 3.30 ПІКоАП Рэспублікі Беларусь пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжаных арт. 21.16 КоАП Рэспублікі Беларусь, маюць права складаць упаўнаважаныя на тое службовыя асобы арганізацый, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду і (або) прадастаўляюць камунальныя паслугі, гэта значыць дырэктары жыллёва-эксплуатацыйных участкаў (далей – ЖЭУ).  

Калі дамовіцца спакойна па-суседску не атрымліваецца, грамадзяне вымушаны скардзіцца ў розныя дзяржаўныя органы, у тым ліку ў органы пракуратуры.

Аднак, неабходна ўлічваць, што ў выпадку парушэннясуседзямі правілаў карыстання жылымі памяшканнямі неабходна неадкладна звартацца з адпаведнай заявай аб прыцягненні суседзяў да адміністрацыйнай адказнасці да дырэктара ЖЭУ па месцы жыхарства.

Санкцыя: штраф у памеры да 30 базавых велічынь (810 рублёў), юрыдычным асобам – ад трыццаці да пяцідзесяці базавых велічынь (ад 810 рублёў да 1 350 рублёў).

Пракурор аддзела па наглядзе за
выкананнем заканадаўства
і законнасцю прававых актаў
Таццяна Іванова