Аб выніках нагляду за выкананнем прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства

Адным з значных напрамкаў пракурорскай дзейнасці з'яўляецца нагляд за выкананнем прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства. У мінулым годзе па гэтых пытаннях было арганізавана 115 праверак, па выніках якіх падрыхтавана 399 актаў рэагавання, 634 асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай і матэрыяльнай адказнасці, пакрыты матэрыяльны ўрон на суму звыш 26 тысяч рублёў.  

Так, сур'ёзная ўвага надавалася пытанням нагляду за выкананнем заканадаўства ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах водных аб'ектаў.

Як паказваюць вынікі наглядных мерапрыемстваў, многія з размешчаных у водаахоўных зонах жывёлагадоўчыя фермы і комплексы не толькі не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства па прычыне адсутнасці на іх прылад і збудаванняў, якія прадухіляюць забруджванне водных аб'ектаў, але і ўтрымліваюцца ў неналежным стане. Не прымаюцца належныя меры па своечасовым вывазе з тэрыторый ферм і комплексаў арганікі і абваловцы месцаў яе захоўвання, што цягне трапленне сцёкаў на прылеглую мясцовасць і стварае рэальную пагрозу забруджвання водных аб'ектаў. Акрамя таго, тэрыторыя названых аграпрамысловых аб'ектаў нярэдка забруджана бытавым і будаўнічым смеццем, астанкамі загінулых сельскагаспадарчых жывёл.

Падобныя факты выяўляліся ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах Чашніцкага, Талачынскага, Шумілінскага, Віцебскага, Бешанковіцкага раёнаў.

Многімі водакарыстальнікамі (94, большасць з якіх сельскагаспадарчыя арганізацыі) гаспадарчая дзейнасць ажыццяўляецца без дазволу на спецыяльнае водакарыстанне. Прычым, нярэдка самавольнае водакарыстанне мае месца на працягу доўгага часу – па некалькі гадоў.

Пры вывучэнні стану законнасці ў прыбярэжных палосах і водаахоўных зонах водных аб'ектаў, перададзеных у арэнду для ажыццяўлення рыбалоўства і рыбаводства (іх у вобласці больш за 100), устаноўлены факты самавольнага ўзвядзення пабудоў і збудаванняў паблізу гэтых водных аб'ектаў (Полацкі, Шумілінскі, Віцебскі, Лепельскі раёны), што

стала падставай для прыняцця пракурорамі адпаведных мер рэагавання.

Маюць месца выпадкі неналежнага выканання арандатарамі водных аб'ектаў сваіх абавязкаў, чаму ў пэўнай ступені спрыяе адсутнасць з боку мясцовых выканкамаў належнага кантролю ў гэтай сферы (Росанскі, Полацкі, Шумілінскі, Докшыцкі, Бешанковіцкі і іншыя раёны).

Актуальнымі з'яўляюцца пытанні эфектыўнага выкарыстання земляў. Распаўсюджаны выпадкі, калі пачатыя будаўніцтвам (часам больш за 5-7 гадоў таму) жылыя дамы не дабудаваны (нярэдка маюцца толькі фундаменты, участкі заросли пустазельнай расліннасцю), кансервацыя такіх будынкаў не праведзена. Падобныя парушэнні ўстаноўлены ў Полацкім, Міёрскім, Лёзненскім, Глыбоцкім, Аршанскім, Пастаўскім і іншых раёнах.

Па выяўленых парушэннях заканадаўства пракурорамі прыняты адпаведныя меры рэагавання. Аб выніках нагляднай дзейнасці пракуратурай вобласці праінфармаваны Віцебскі аблвыканкам з мэтай павышэння якасці ведамаснага кантролю ў сферы аховы навакольнага асяроддзя.

Старшы памочнік пракурора вобласці
па наглядзе за выкананнем
прыродаахоўнага заканадаўства Алена Казлова