Абласны семінар ідэалагічных работнікаў адбыўся ў Лепельскім раёне
Мерапрыемства пачалося з прэзентацыі арганізацый Лепельшчыны, прэс-туру па значных аб'ектах рэгіёну.
Начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы і па справах моладзі гаррайвыканкамаў пазнаёміліся з арганізацыяй ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах Лепельскага раёна: рамонтна-механічнага завода, лясгаса, краязнаўчага музея.
Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Наталля Данілевіч падзялілася вопытам работы і пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з дрэваапрацоўчай вытворчасцю.
- У склад лясгаса ўваходзіць 16 структурных падраздзяленняў, з іх 8 лясніцтваў, лесапункт, дрэваапрацоўчы цэх, пагрузачная пляцоўка, якая ўключае ўчасткі па перапрацоўцы шчэпы і колцы дроў, рамонтна-механічныя майстэрні, пастаянны лясны гадавальнік, паляўнічую гаспадарку, комплекс «Кардон аз. Доўгае», павільён для рэалізацыі лесу і пілапрадукцыі, - расказала Наталля Данілевіч. - У лясгасе працуюць 548 чалавек, з іх 459 у Лепельскім раёне.
Галоўныя рэдактары раённых газет, а таксама кіраўнікі рэгіянальных тэле- і радыёпраграм пабывалі ў «вёсцы будучыні» - Домжарыцах, Бярэзінскім біясферным запаведніку, Доме экалагічнай асветы і музеі прыроды, якія напярэдадні наведаў Прэзідэнт.
Па словах жыхароў населенага пункта, Домжарыцы значна пераўтварыліся пасля праведзеных работ па добраўпарадкаванні, сталі месцам сілы і прыцягнення. Рамонтныя работы праведзены на ўсіх сацыяльна-значных аб'ектах. У школе адкрыты абноўлены актавы і спартыўны залы, устаноўлены вулічныя трэнажоры, ФАП папоўніўся новым стаматалагічным абсталяваннем.
- Створаныя ўмовы дазваляюць камфортна жыць, працаваць і выхоўваць дзяцей, - прызналіся мясцовыя жыхары.
Малады спецыяліст Анастасія Большакова расказала, што прыехала ў Домжарыцы з Быхава і зараз працуе майстрам лесу ў Крайцаўскім лясніцтве.
- Вёска за апошнія два гады расквітнела, ажыла. Прыемна назіраць за станоўчымі зменамі ў Домжарыцах, - адзначыла дзяўчына.
На пленарным пасяджэнні падвялі вынікі працы ідэалагічнай вертыкалі вобласці і намяцілі планы на будучыню.
На пасяджэнні разгледзелі работу па патрыятычным выхаванні насельніцтва, перакрэдытаванне рэлігійных суполак, сітуацыю ў інфармацыйным полі.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Марына Новіцкая акцэнтавала, што строгае выкананне заканадаўства і паўсюднае выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі, а таксама актыўнае прышчэпліванне любові да яе з ранняга ўзросту, з'яўляюцца ключавымі аспектамі паспяховага патрыятычнага выхавання і ідэалагічнай работы.
Марына Уладзіміраўна паставіла задачу больш актыўна ўцягваць у ідэалагічную работу прадстаўнікоў бізнесу, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў.
- У рэгіёнах важна не гнацца за колькасцю мерапрыемстваў, а праводзіць іх якасна, каб ва ўсіх удзельнікаў заставаліся прыемныя ўражанні і ўспаміны, - адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама. – Для СМІ ў прыярытэце нарошчванне дзяржаўнага кантэнту і выкарыстанне мультымедыйнага фармату ў сацсетках.
Мерапрыемства завяршылася ўрачыстай цырымоніяй узнагароджання ідэалагічных работнікаў. Сярод узнагароджаных галоўныя рэдактары раённых газет «Лепельскі край» і «Патрыёт», рэдакцыі якіх сёлета адзначаюць 95-годдзе з дня заснавання.