Аблсельсгаспрад: на пасяджэнні калегіі падведзены вынікі работы аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці за мінулы год

У Паставах адбылося пасяджэнне калегіі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. Падводзячы вынікі працы за мінулы год, намеснік старшыні аблвыканкама Барыс Ефрэмаў падзякаваў працаўнікоў вёскі за вынік, пры гэтым адзначыў, што атрыманыя лічбы саступаюць чаканым прагнозным паказчыкам, працаваць у надыходзячым годзе трэба з большай аддачай і эфектам. Нямала выпрабаванняў, гаворка ў першую чаргу ідзе аб неспрыяльных умовах надвор'я, прыйшлося на раслінаводства. Як вынік, тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі па вобласці — 94 працэнты да ўзроўню 2020 года, у жывёлагадоўлі невялікі, але ўсё ж плюс — 100,1 працэнты.
Дырэктар ААТ «Хацілы-Агра» Вячаслаў Крыштафовіч, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Барыс Ефрэмаў і першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Уладзімір Машэра абмяркоўваюць перавагі новага МТК.
 Найлепшы вынік па тэмпах росту валавой прадукцыі за 2021 год у Россонскага раёна — 112 працэнтаў. Удзельная вага ў вобласці склала крыху больш за працэнт, пры гэтым жывёлагадоўля паказала 125 працэнтаў да ўзроўню 2020-га. Гэта сведчыць аб захаванасці жывёлы, выкананні тэхналогіі вытворчасці сельгаспрадукцыі, дысцыпліне і парадку. Ёсць чым ганарыцца, — падкрэсліў першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Уладзімір Машэра.

Тыя ж словы па праве можна адрасаваць і гаспадаркам Докшыцкага раёна, дзе змаглі ўтрымаць вытворчасць малака ў плюсе, добрыя атрымалі і прывагі маладняку КРС. Як вынік, тэмп росту валавой прадукцыі жывёлагадоўлі — 113 працэнтаў.

— Па сямі раёнах паказчык вышэй за ўзровень мінулага года. Што тычыцца Аршанскага, то 105 працэнтаў — гэта не той вынік. У раёне вельмі шмат рэзерваў, трэба больш увагі надаць развіццю свінагадоўлі, малочнай жывёлы, — падкрэсліў Уладзімір Аляксандравіч. — На ўзроўні 2020 года ўтрымаліся Віцебскі і Талачынскі раёны.

Адным з галоўных паказчыкаў, які дазволіў гаспадаркам вобласці ўтрымаць высокія пазіцыі, мабыць, з'яўляецца вытворчасць (вырошчванне) буйной рагатай жывёлы. У тройцы адстаючых — Дубровенскі, Бешанковіцкі і Міёрскі раёны. Насуперак ім гаспадаркі Віцебскага, Шаркаўшчынскага, Глыбоцкага, Гарадоцкага, Ушацкага і Талачынскага атрымалі звыш 110 працэнтаў да ўзроўню 2020 года. Выніковая лічба па вобласці склала 107,1 працэнта.

Па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы абласны паказчык вырас на 42 грамы. У цэлым многія спрацавалі з плюсам. Лепшы вынік у аграпрадпрыемстваў Віцебскага раёна — 102 грамы. Прывагі ніжэй за 500 грамаў, на жаль, назіраюцца ў 35 гаспадарках васьмі раёнаў. Сітуацыю неабходна змяніць у найкароткія тэрміны, а ўзніклыя праблемныя пытанні вырашыць — гэта задача першачарговай важнасці.

Па вытворчасці малака вобласць займае другі вынік у рэйтынгавай табліцы краіны, толькі вось не зверху, а знізу — 98,9 працэнта да ўзроўню 2020 года. Сумна. Фермы будуюцца, рэканструююцца, пагалоўе абнаўляецца. У чым жа прычына? Спецыялісты адзначаюць: трэба мяняць падыходы да працы, больш увагі ўдзяляць выкананню тэхналогіі кармлення і вырошчвання жывёлы, павышэнню патрабаванняў да працы жывёлаводаў, аператараў машыннага даення.

Дарэчы, сярэдні надой малака ад каровы на Віцебшчыне — 4025 кілаграмаў. Раўнанне на лідараў: Віцебскі раён — 6277, Аршанскі — 5498 кілаграмаў. Верхнядзвінскі, нязначна мінусаваўшы да 2020 года, на трэцім месцы па надоі ў вобласці.

Паставы дадалі 137 кілаграмаў да 2020 года і атрымалі сярэдні надой 4312 кілаграмаў. На працягу апошніх гадоў паказчык расце. Гэта і паслужыла падставай правесці калегію менавіта тут. Каго яшчэ хвалілі ўдзельнікі калегіі? Напрыклад, жывёлаводаў Докшыцкага раёна. Каб атрымаць 4082 кілаграмы, ім давялося дадаць 717. Пры гэтым сельгаспрадпрыемствы Міёрскага, Ушацкага і Шумілінскага раёнаў так і не змаглі пераадолець адзнаку ў 3 тысячы.

Асноўны аб'ём малака ў вобласці атрымалі на малочна-таварных фермах, абсталяваных даільнымі заламі, робатамі. Напрыклад, на ферме «Мазалава-2» філіяла ПСУ «Мазалава» надой ад каровы — 12 352 кілаграмы, а на МТФ «Шу«Гайлава» СПК «Ларынаўка» — 12 080. Аказваецца, такіх высокіх вынікаў на Віцебшчыне рэальна дасягнуць, але, на жаль, ёсць даільныя залы, на якіх па шэрагу прычын яны ў разы ніжэйшыя.

Па колькасці КРС сельгаспрадпрыемствы вобласці перавысілі паказчык 2020 года, Дубровенскі, Гарадоцкі, Аршанскі, Віцебскі, Расонскі раёны павялічылі колькасць кароў.

На калегіі гаварылі аб неабходнасці выканання якасці нарыхтоўкі травяных кармоў (дарэчы, не якасны корм — адна з асноўных прычын выбыцця дайнага статка), арганізацыі збалансаванага кармлення жывёлы, абавязковай рэгістрацыі жывёл у сістэме ідэнтыфікацыі. Паказчык павінен быць роўны выключна 100 працэнтам, адхіленне ў бок памяншэння або павелічэння сведчыць аб недахопах у рабоце.

Начальнік упраўлення ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Бабаед падвёў вынікі работы ветэрынарнай службыза 2021 год. Адзначыў, што ў вобласці не было дапушчана ўспышак асабліва небяспечных захворванняў, масавага распаўсюджвання бактэрыяльных, вірусных інфекцый КРС. Ён распавёў аб праводзімых мерапрыемствах па паляпшэнні захаванасці маладняку, прафілактыцы захворванняў канечнасцяў КРС. Дарэчы, у 22 працэнтаў агледжаных у мінулым годзе кароў яны былі выяўлены, эфектыўнасць праведзенага лячэння перавысіла 73 працэнты. Гэта ў цэлым па вобласці. У той жа час у гаспадарках Верхнядзвінскага раёна — крыху больш за 30 працэнтаў, Докшыцкага — 54.

Створаныя ў

вобласці 46 артапедычных груп, у тым ліку 36 — у АПА, павінны больш увагі надаваць прафілактыцы і лячэнню гэтага захворвання. У сваю чаргу, 44 гінекалагічным групам, 26 з іх створаны ў АПА, — актыўней працаваць па прайграванні, прафілактыцы лячэння гінекалагічных захворванняў, эфектыўнаму апладненню жывёлы.

Вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі — асноўная крыніца даходаў для сельгаспрадпрыемстваў. На калегіі абмеркавалі асноўныя пытанні, якія тычацца галіны, зрабіўшы акцэнт на працу канкрэтных прадпрыемстваў і нават ферм.

У гутарцы з карэспандэнтам «СГ» Барыс Ефрэмаў падкрэсліў значнасць АПА ў развіцці сельскай гаспадаркі. У агульнай складанасці сямі аб'яднанням належыць 111 сельгаспрадпрыемстваў.

— Поспех аб'яднанняў шмат у чым залежыць ад парадку, наведзенага ў сыравіннай зоне. Неабходна сканцэнтраваць усю ўвагу менавіта тут. Фарміраванне буйных жывёлагадоўчых пляцовак, якія акумулююць вялікае пагалоўе, дзе створаны ўмовы для належнага догляду і збалансаванага кармлення жывёлы, — будучыня сельскай гаспадаркі. І такія аб'екты ёсць практычна ў кожным раёне. У бліжэйшыя тры-чатыры гады пастараемся надаць гэтаму пытанню яшчэ больш пільную ўвагу, — адзначыў Барыс Сяргеевіч.

Яркі прыклад паспяховага развіцця — ААТ «Хатылы-Агра», якое ў сярэдзіне мінулага года завяршыла рэканструкцыю малочна-таварнай фермы пад МТК паблізу вёскі Валохі Пастаўскага раёна. Гаспадарка ўваходзіць у структуру аграпрамысловага аб'яднання, створанага на базе Пастаўскага малочнага завода.

— КРС у нас звыш 5,8 тысячы галоў, кароў — 1816, — адзначыў у гутарцы з удзельнікамі калегіі яго кіраўнік Вячаслаў Крыштафовіч. — У 2021 годзе намалацілі каля 10 тысяч тон збожжа, нарыхтавалі 31 тысячу тон сенажу, 15 тысяч тон сіласу, 6 тысяч тон саломы зацюкавалі ў рулоны. Іншымі словамі, атрымалі з кожнага гектара 10 тон якаснай прадукцыі. У гаспадарцы працуе 200 чалавек. Сярэдні заробак за мінулы год склаў каля 1,4 тысячы рублёў, пры гэтым спецыялісты, механізатары, аператары машыннага даення, цялятніцы атрымалі больш.

Што ж тычыцца фермы «Валохі», то яе здавалі ў два этапы. Спачатку чатыры будынкі, потым яшчэ два. У агульнай складанасці памяшканні разлічаны на ўтрыманне да 1,2 тысячы галоў КРС.

У мінулым годзе па гаспадарцы ў сярэднім ад каровы надоілі 8089 кілаграмаў, тут — 8400. Першапачатковы кошт аб'екта ацэньваўся ў 16 мільёнаў, робячы акцэнт на выкананне работ гаспадарчым спосабам, патрацілі каля 12.

— Сёння на гэтай ферме сабекошт малака складае 620 рублёў, прадаём даражэй. Калі так далей пойдзе, то ўкладзеныя сродкі акупяцца не за шэсць гадоў, як планавалі раней, а за чатыры гады.

. Раней у гаспадарцы была адна рабатызаваная ферма і пяць з прывязным утрыманнем жывёлы. Цяпер такіх засталося толькі дзве, і ад іх пастараемся сысці. Вызваленыя будынкі перабудоўваем, перапрафілюем.

Падчас наведвання фермы асаблівую ўвагу ўдзельнікі калегіі надалі тэхналогіі ўтрымання і кармлення кароў, вырошчвання цялят малочнага перыяду.