Аблсельззбыт: усе раёны Віцебскай вобласці прыступілі да сяўбы
Раней у работу ўключыліся 196 гаспадарак, па плане - 200. Тыя, хто не сеяў у мінулыя выхадныя, уключаюцца ў кампанію сёння. На тэмпах пасяўной адбілася зацяжная вясна. Летась асноўныя палявыя работы ў вобласці стартавалі на 5 дзён раней. На гэты раз сяўба пачалася 4 красавіка. "Тэмпы таксама ніжэйшыя за леташнія з прычыны ўмоў надвор'я. Год таму была ранняя вясна, менш снегу, а цяпер у нас ляжыць снег, асабліва па ўсходзе. Глеба не прасохла, а яшчэ дадаліся ападкі. У суботу асобныя раёны не сеялі з-за снегу і дажджу", - растлумачылі ў камітэце.
Тым часам пасяўная кампанія набірае абароты. У лідары па сяўбе ранніх збожжавых і зерневых бабовых культур выйшлі Чашніцкі раён - 63% да плана, Пастаўскі - 49%, Докшыцкі - 37%, Глыбоцкі - 34%, Лепельскі - 32%, Полацкі - 30%. Асобныя раёны прыступілі да сяўбы рапсу. Калі надвор'е не падвядзе, да майскіх святаў уся вобласць засее раннія збожжавыя культуры. Агульная пасяўная плошча яравых складзе 314 тыс. га.
Аграрыі рэгіёну падладжваюцца пад змены надвор'я і пераглядаюць структуру пасяўных плошчаў. У збожжавым кліне цяпер больш адводзяць пад азімыя культуры. "У мінулым годзе ўраджайнасць азімай пшаніцы была вышэй яравой на 10 ц/га. Тое ж самае па крыжакветных. Яравы рапс у нас даў менш, чым азімы. Розніца склала парадку 5 ц. Па сяўбе азімых збожжавых мы пашырылі плошчы, пад яравыя зусім мала пакінулі. Упор робіцца на высокапрадукцыйныя культуры", - удакладнілі ў аблсельгаспрадзе.
У Віцебскай вобласці раннія збожжавыя культуры ўжо засеялі на плошчы 31,3 тыс. га, гэта 29% плошчаў.
"БЕЛТА"