Аблздароўе: у Віцебскай вобласці 5 ЦРБ вернуцца да звычайнага рэжыму працы на гэтым тыдні
Зніжэнне ўзроўню захворвання на COVID-19 дазваляе паступова ўводзіць ва ўстановах аховы здароўя рэгіёна звычайны рэжым прыёму пацыентаў. "Гэтая праца пачалася яшчэ ў канцы 2020 года. На мінулым тыдні ў штатным рэжыме запрацаваў абласны клінічны спецыялізаваны цэнтр. Сёння перайшоў на звычайны рэжым абласны клінічны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі для інвалідаў і ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў", - адзначыў Міхаіл Вішневецкі.
Ён дадаў, што на гэтым тыдні вернуцца да звычайнага рэжыму працы цэнтральныя раённыя бальніцы (ЦРБ) у Дубровне, Шаркаўшчыне, Расонах, Ушачах, Талачыне. "Ва ўсіх астатніх ЦРБ ідзе паступовае перакідванне ложкаў або аддзяленняў, якія могуць прымаць пацыентаў з захворваннямі, не звязанымі з COVID-19", - распавёў кіраўнік аблздрава.
У Віцебску з мінулага тыдня спынена шпіталізацыя пацыентаў з каранавірусам у гарадскую цэнтральную клінічную бальніцу і гарадскую клінічную бальніцу №1. Пацыенты з COVID-19, якія знаходзяцца там, яшчэ далечваюцца. Новых пацыентаў з каранавірусам цяпер прымаюць у абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы, Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і ва ўралагічным корпусе абласной клінічнай бальніцы. Рэабілітацыю жыхары рэгіёну, якія перанеслі COVID-19, па-ранейшаму праходзяць у рэабілітацыйным цэнтры "Жалезнякі" абласнога кардыялагічнага цэнтра і абласным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны "Юрцава".