Аблздароўе: Віцебская БСМП атрымала 15 апаратаў ШВЛ

Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі сёння перадалі 15 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ), якія закуплены са сродкаў абласнога бюджэту.

На новае абсталяванне патрацілі каля Br620 тыс. "Віцебскі аблвыканкам і Міністэрства аховы здароўя надаюць увагу ўмацаванню матэрыяльнай базы бальніц. Віцебская БСМП - асноўная ўстанова па каардынацыі як паступлення пацыентаў, так і размеркавання цяжкіх хворых. У бальніцы сканцэнтравана адна з самых вялікіх рэанімацый. У сувязі з гэтым аблвыканкам закупіў новае абсталяванне і вось менш чым праз тры тыдні апараты ШВЛ пачнуць працаваць", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі. Ён таксама распавёў, што ў бліжэйшыя тыдні завершыцца мадэрнізацыя сістэмы забеспячэння кіслародам тэрапеўтычнага корпуса Віцебскай БСМП, якая стане больш аўтаматызаванай. Устаноўленыя новыя чатыры ёмістасці дазволяць мінімізаваць чалавечы фактар у іх функцыянаванні.

Цяпер у медыцынскіх установах Віцебскай вобласці ўстаноўлена 2367 кіслародных кропак і 259 апаратаў ШВЛ.

Сёння Віцебская БСМП працуе толькі з ковіднымі пацыентамі, медыкі працуюць з вялікай нагрузкай. "Тэхніка выходзіць з ладу, часта даводзіцца рамантаваць, а яна, як і мы, працуе 24/7. У нас разгорнута рэанімацыя на 42 ложкі, таму вельмі важна мець такія апараты ШВЛ, якія дазволяць пашырыць і павысіць надзейнасць парку рэанімацыйнага абсталявання. Таксама нядаўна аблвыканкам выдзеліў дадатковыя сродкі, мы набылі 36 канцэнтратараў кіслароду", - адзначыў галоўны ўрач бальніцы Андрэй Захараў.

Начальнік аблздрава таксама ахарактарызаваў эпідэміялагічную сітуацыю ў вобласці. Па словах Міхаіла Вішневецкага, сітуацыя паляпшаецца, захворванне на каранавірус і шпіталізацыя зніжаецца. "З'яўляецца магчымасць перапрафіляваць установы на працу па сваім прызначэнні. Ужо тыдзень функцыянуе другі хірургічны корпус абласнога анкодыспансера, сёння Віцебская гарадская клінічная бальніца №1 вярнулася да свайго звычайнага рэжыму, да канца тыдня будзе выведзены з ковіднага профілю Віцебскі абласны клінічны спецыялізаваны цэнтр", - сказаў ён.-0-