Афіцыйная дэлегацыя кітайскай правінцыі Хэйлунцзян наведала Віцебск
Гэта быў першы візіт дэлегацыі дадзенага рэгіёну КНР у прыдзвінскі край. Госці, запрошаныя на міжнародны эканамічны форум, знаёміліся з патэнцыялам Віцебшчыны, вывучалі яе асаблівасці, намячалі шляхі далейшага ўзаемадзеяння.
Прывітаўшы прадстаўнікоў правінцыі Хэйлунцзян, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Белавус падкрэсліў, што дружба беларускага і кітайскага народаў мае вялікае значэнне, і прывёў канкрэтныя прыклады плённага супрацоўніцтва:
— У 2012-2013 гадах быў рэалізаваны інвестыцыйны праект па будаўніцтве ў Новалукомлі Чашніцкага раёна газатурбіннай устаноўкі. Інвестыцыі кітайскага боку склалі парадку 280 млн долараў. Сёння ў стадыі рэалізацыі будаўніцтва Віцебскай ГЭС.
Першая электраэнергія была выдадзена ў сетку ў канцы мінулага года, зараз усе чатыры турбіны працуюць у пусканаладачным рэжыме. У бліжэйшыя дні будзе падпісаны акт дзяржкамісіі па прыёмцы аб'екта ў эксплуатацыю. Мы ўдзячныя кітайскаму боку і за тое, што вы ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляеце ўзвядзенне сацыяльнага жытла.
Уладзімір Мікалаевіч растлумачыў, што таваразварот Віцебшчыны з Кітаем пакуль не занадта вялікі, прычым у ім пераважае імпарт. Таму вобласць хацела б нарошчваць экспартныя пастаўкі. Напрамкі ўзаемадзеяння могуць быць рознымі. Паўночны рэгіён Беларусі гатовы прапанаваць якасную прадукцыю нафтаперапрацоўчай прамысловасці, ільновалакно, піламатэрыялы, розныя віды кандытарскіх і лікёра-гарэлачных вырабаў. Ёсць перспектывы таксама ў сумесным праектах у сферах адукацыі і культуры.
Пазнаёміўшыся
з нашай вобласцю, кіраўнік дэлегацыі — намеснік старшыні Народнага палітычнага кансультатыўнага савета правінцыі Хэйлунцзян Чэнь Юдун — адзначыў, што кітайскі рэгіён, які ён прадстаўляе, шмат у чым на яе падобны: і прыроднымі ўмовамі, і напрамкамі развіцця эканомікі. Хоць, вядома, па заселенасці тэрыторыі значна адрозніваюцца: у вышэйназванай правінцыі КНР налічваецца 38 млн чалавек, а ў яе адміністрацыйным цэнтры, горадзе Харбіне, больш за 10 млн жыхароў, у той час як на ўсёй Віцебшчыне — толькі каля 1,2 млн. Улічваючы колькасць насельніцтва ў рэгіёне КНР, можна зразумець, што гэта вялікі і перспектыўны рынак.— Устанаўленне пабрацімскіх адносін паміж нашымі двума рэгіёнамі — вельмі добрая справа, — сказаў Чэнь Юдун. — Галоўная задача паездкі да вас — паглыбленне ўзаемаразумення. Гэта аснова далейшага супрацоўніцтва.
Акрамя мерапрыемстваў інвестфоруму і сустрэчы ў аблвыканкаме, госці з Кітая пабывалі на камбінаце «Віцьба», азнаёміліся з вытворчым працэсам. Арганізавалі для іх і дэгустацыю смачнай прадукцыі, пасля якой прадстаўнікі Дэпартамента камерцыі правінцыі Хэйлунцзян паабяцалі заняцца ў сваім рэгіёне пошукам гандлёвага партнёра для прыдзвінскага прадпрыемства.
Рэгіёны працягнуць пашыраць узаемныя кантакты. Госці з КНР запрасілі прымаючы бок на чэрвеньскую выстаўку-кірмаш у Харбін, дзе можна будзе бліжэй пазнаёміць патэнцыйных спажыўцоў з нашай прадукцыяй.
Акрамя таго, паведаміў Чэнь Юдун, у верасні ў Мінску адбудзецца дзелавая сустрэча з удзелам прадпрыемстваў правінцыі Хэйлунцзян у галіне навукі і тэхнікі, падчас якой таксама можна намяціць напрамкі супрацоўніцтва.
Лілія Іўчанка. Фота Антона Сцяпанішчава. «Віцебскія весці».