Абмежаванне дзеяздольнасці ў інтарэсах сям'і і грамадства
Згодна з пунктам 1 артыкула 30 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь могуць быць абмежаваны ў дзеяздольнасці грамадзяне, якія ставяць сваю сям'ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча з-за злоўжывання спіртнымі напоямі або наркатычнымі рэчывамі.
Гэтая мера накіравана на абарону парушаных алкаголікамі і наркаманамі правоў членаў сваёй сям'і, а таксама саміх грамадзян, у дачыненні да якіх вырашаецца пытанне аб абмежаванні дзеяздольнасці. Пры гэтым не абавязкова наяўнасць у гэтага грамадзяніна дыягназу «хранічны алкагалізм». Падставай да абмежавання дзеяздольнасці з'яўляецца злоўжыванне спіртнымі напоямі або наркатычнымі рэчывамі, якое ставіць сям'ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча.
На жаль, законам не прадугледжана абмежаванне ў дзеяздольнасці адзінокіх грамадзян, якія пакутуюць алкагольнай залежнасцю. Вядома, што для набыцця спіртнога алкаголік згодны аддаць апошняе, нямала выпадкаў, калі яны застаюцца і без прытулку над галавой. У сувязі з гэтым устанаўленне апекі над такімі асобамі мела б важнае значэнне ў абароне іх правоў і законных інтарэсаў.
Справа аб прызнанні грамадзяніна абмежавана дзеяздольным з-за злоўжывання спіртнымі напоямі, наркатычнымі сродкамі, псіхатропнымі рэчывамі, іх аналагамі можа быць распачата па заяве членаў яго сям'і, пракурора, органа апекі і папячыцельства.
На падставе пункта 2 артыкула 30 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь можа быць абмежаваны ў дзеяздольнасці грамадзянін, у якога з-за псіхічнага расстройства (захворвання) абмежавана здольнасць разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі.
Справа аб прызнанні грамадзяніна абмежавана дзеяздольным або недзеяздольным з-за псіхічнага расстройства (захворвання) можа быць распачата па заяве членаў яго сям'і, а ў выпадку іх адсутнасці – па заяве блізкіх сваякоў. Такая справа можа быць распачата таксама па заяве пракурора, органа апекі і папячыцельства, псіхіятрычнай
(псіханеўралагічнай) арганізацыі.Грамадзянін, у дачыненні да якога ставіцца пытанне аб абмежаванні ў дзеяздольнасці, прыцягваецца да ўдзелу ў справе ў якасці зацікаўленай асобы. Члены сям'і прымаюць удзел па справе ў якасці заяўнікаў.
У выпадку абмежавання дзеяздольнасці над грамадзянінам усталёўваецца апека ў адпаведнасці з арт. 145 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і. Апекунамі пераважна прызначаюцца блізкія сваякі. Апекуны аказваюць падапечным садзейнічанне пры ажыццяўленні імі сваіх правоў і выкананні абавязкаў, а таксама ахоўваюць іх ад злоўжыванняў з боку трэціх асоб. Апекуны над абмежавана дзеяздольнымі асобамі даюць згоду на атрыманне гэтымі асобамі належных ім плацяжоў і на распараджэнне атрыманымі грашовымі сумамі і іншай маёмасцю ў адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь.
Грамадзянін, дзеяздольнасць якога абмежавана з прычыны злоўжывання спіртнымі напоямі, наркатычнымі сродкамі, псіхатропнымі рэчывамі, іх аналагамі, мае права самастойна здзяйсняць дробныя бытавыя здзелкі. Здзяйсняць іншыя здзелкі, а таксама атрымліваць заробку, пенсію і іншыя даходы і распараджацца імі такі грамадзянін можа са згоды апекуна.
У сілу п.2 арт. 30 Грамадзянскага кодэкса грамадзянін, дзеяздольнасць якога абмежавана з прычыны псіхічнага расстройства (захворвання), мае права самастойна: 1) здзяйсняць дробныя бытавыя здзелкі; 2) здзяйсняць здзелкі, накіраваныя на бязвыплатнае атрыманне выгод, якія не патрабуюць натарыяльнага засведчання альбо дзяржаўнай рэгістрацыі; 3) здзяйсняць здзелкі па распараджэнні сродкамі, прадастаўленымі апекуном або са згоды апошняга трэцяй асобай для пэўнай мэты або вольнага распараджэння; 4) атрымліваць заробку, пенсію і іншыя даходы і распараджацца імі. Здзяйсняць іншыя здзелкі такі грамадзянін можа са згоды апекуна.
Пры наяўнасці дастатковых падстаў суд па хадайніцтве апекуна альбо органа апекі і папячыцельства можа абмежаваць або пазбавіць такога грамадзяніна права самастойна распараджацца сваім заробкам, пенсіяй і іншымі даходамі.
Калі падставы, з прычыны якіх
Калі грамадзянін быў абмежаваны ў дзеяздольнасці ў адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 30 Грамадзянскага кодэкса, адпалі, суд адмяняе абмежаванне яго дзеяздольнасці.
Калі псіхічны стан грамадзяніна, дзеяздольнасць якога была абмежавана з прычыны псіхічнага расстройства (захворвання), пагоршыўся або палепшыўся, суд адпаведна прызнае гэтага грамадзяніна недзеяздольным у адпаведнасці з артыкулам 29 Грамадзянскага кодэкса або адмяняе абмежаванне яго дзеяздольнасці.
На падставе рашэння суда аб адмене абмежавання дзеяздольнасці адмяняецца ўсталяванае над грамадзянінам апекунства.
Начальнік аддзела па наглядзе за
адпаведнасцю закону судовых
пастановаў па грамадзянскіх справах
І.Н.Ціткова