Адзначаецца павелічэнне колькасці кіберзлачынстваў
У 2020 годзе на тэрыторыі Віцебскай вобласці, як і на тэрыторыі іншых рэгіёнаў рэспублікі, адбыўся значны рост злачынстваў, звязаных з выкарыстаннем камп'ютарна-тэхнічных сродкаў і глабальнай сеткі Інтэрнэт.
Колькасць злачынстваў у сферы «высокіх тэхналогій» узрасла з 1132 да 3021. Злачынствы гэтай катэгорыі склалі 28,1 % ад агульнай колькасці ўсіх злачынстваў, зарэгістраваных у Віцебскай вобласці. Гэта значыць, практычна кожнае трэцяе злачынства здзейснена з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі і сеткі Інтэрнэт.
Найбольшую колькасць злачынстваў гэтай катэгорыі склалі махлярствы (арт. 209 КК) і крадзяжы шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі (арт. 212 КК).
Што тычыцца арт. 212 КК, то гэты від злачынстваў (як крадзяжы) здзяйсняецца пры выкарыстанні двух асноўных спосабаў завалодання рэквізітамі банкаўскіх картак грамадзян. Гэта «Фішынг» – атрыманне рэквізітаў пры перапісцы ў сетцы Інтэрнэт на сайтах аб'яваў аб продажы тавараў і паслуг такіх як Куфар і іншыя, і «Вішынг» – атрыманне рэквізітаў з дапамогай мабільнага тэлефона, калі злачынцы асабіста тэлефануюць пацярпелым і пад рознымі падставамі ўгаворваюць іх перадаць рэквізіты плацежных банкаўскіх картак, нумары банкаўскіх рахункаў.
Завалодаўшы рэквізітамі плацежных дакументаў грамадзян, злачынцы пераводзяць грашовыя сродкі на загадзя адкрытыя імі рахункі і, у наступным, распараджаюцца імі як сваімі асабістымі.
Улічваючы тэхнічную аснашчанасць злачынцаў, раскрывальнасць такога роду злачынстваў надзвычай нізкая, таму варта разумець, што вярнуць свае зберажэнні пацярпеламу значна цяжэй, чым не дапусціць іх крадзяжу.
У цяперашні час у сетцы Інтэрнэт размешчана дастатковая колькасць памяткаў і інфармацыі аб тым, як уберагчыся ад Інтэрнэт-злачынцаў.
Сэнс усіх рэкамендацый зводзіцца да аднаго простага сродку – ніколі не паведамляць староннім, у тым ліку і супрацоўнікам банка, персанальныя дадзеныя сваіх плацежных картак і рэквізіты банкаўскіх рахункаў. Варта памятаць, што ніхто, акрамя Вас саміх, не зможа забяспечыць належнае захаванне інфармацыі аб плацежных рэквізітах у таямніцы ад старонніх.
Начальнік аддзела па наглядзе за дазнаннем
і аператыўна-вышуковай дзейнасцю
пракуратуры вобласці
Васіль Парусаў