Віцебскі занальны інстытут сельскай гаспадаркі вырошчвае больш за 40 элітных сартоў збожжавых культур
Як распавяла загадчыца аддзела навуковай установы кандыдат сельскагаспадарчых навук Любоў Картавенкава, каб пазбегнуць найменшага змешвання сартоў і рэпрадукцый, асаблівая ўвага надаецца чыстцы камбайнаў і сушыльнага комплексу. Напрыклад, пасля абмалоту аднаго ўчастка падрыхтоўка збожжаўборачнага агрэгата для выхаду на наступны часам займае дзве гадзіны.
Пасля чысткі вузлоў камбайна абавязкова праводзіцца абкошванне поля, атрыманае збожжа здаецца на фураж. Насенне вырошчваецца амаль на 1 тыс. га, самыя маленькія пітомнікі – усяго паўтара гектара.
Ураджайнасць азімых збожжавых у гэтым годзе дастаткова добрая, пшаніца перавышае 50 ц/га. Яравыя горш, адбілася засуха ў перыяд наліву. У выніку памер коласа складае 6-7 см, звычайна – да 10 см.
Насенне ад ВЗІСГ рэалізуецца па ўсёй Беларусі. Збожжавых і зернебабовых звычайна намалочваюць каля 2 тыс. т, крыжакветных – 300 т. У штаце інстытута 70 чалавек, у тым ліку 19 даследчыкаў. У аддзеле палявога і тэхнічнага забеспячэння 14 механізатараў і вадзіцеляў.
Сярод іх Віктар Козлаў (на фота зверху), у навуковай установе ён працуе пяты год, да гэтага працаваў на эксперыментальнай базе «Тулава». На камбайне Віктар Генадзьевіч праводзіць дваццаты сезон, тры апошнія ў яго памочніках сын Яўген. Ён вучыцца ў Гарадоцкім аграрна-тэхнічным каледжы на механіка і пасля вучобы плануе прыйсці на пастаянную працу ў ВЗІСГ.
На ўчарайшні дзень у інстытуце ўбрана 65% збожжавых і зернебабовых культур. 20 жніўня пачнецца копка насеннай бульбы, на 45 га вырошчваецца 8 яе сартоў.