Перспектывы супрацоўніцтва з кітайскай правінцыяй Шаньдун абмеркавалі ў Віцебскім аблвыканкаме
Перспектывы супрацоўніцтва з кітайскай правінцыяй Шаньдун абмеркавалі ў Віцебскім аблвыканкаме
13.05.2026
Перспектывы супрацоўніцтва з кітайскай правінцыяй Шаньдун абмеркавалі ў Віцебскім аблвыканкаме. Дэлегацыю з Паднябеснай узначаліў намеснік дырэктара Дэпартамента камерцыі правінцыі спадар Чжан Цынвэй.
Як адзначыў старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Дзмітрый Навацкі, правінцыя Шаньдун з'яўляецца адным з ключавых партнёраў Віцебскай вобласці.
– У нас ёсць даволі сур'ёзныя напрацоўкі з гэтай правінцыяй, рэалізуецца дарожная карта. Кітайскія сябры не першы раз прыязджаюць на Віцебшчыну ў складзе прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады і бізнесу, якія шукаюць дадатковыя магчымасці супрацоўніцтва з нашымі прадпрыемствамі, – падкрэсліў Дзмітрый Навацкі. – На сённяшні дзень мы актыўна карыстаемся кітайскімі тэхналогіямі ў харчовай вытворчасці, перапрацоўчай прамысловасці. Пастаўляем у КНР прадукцыю лесаперапрацоўкі, торф. Па выніках першага квартала экспарт у Кітайскую Народную Рэспубліку вырас амаль у паўтара раза. Патэнцыял супрацоўніцтва бачым у сумеснай дзейнасці вытворчых прадпрыемстваў, навуковых арганізацый, устаноў культуры, адукацыі, спорту і турызму, у стварэнні найбольш спрыяльных умоў для прыцягнення інвестараў у розныя напрамкі дзейнасці.
Правінцыя Шаньдун знакаміта аграрным сектарам, Беларусь таксама валодае вялікім вопытам у вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі, прымяненні сучасных тэхналогій. Гэта перспектыўнае поле для развіцця дзелавых кантактаў.
У сферы прамысловасці магчыма арганізацыя супольных вытворчасцей у розных галінах: машынабудаванні, лёгкай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і г. д.
– Суб'екты Віцебскай вобласці гатовыя разгледзець магчымасць удзелу ў інфраструктурных праектах кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс – адзін шлях», – дадаў Дзмітрый Навацкі. – Правінцыю Шаньдун называюць Цы і Лу, што азначае ядро культуры і цэнтр найстаражытнейшай кітайскай цывілізацыі. Віцебскі рэгіён – цэнтр беларускай дзяржаўнасці, фестывальная сталіца. У нас ёсць усе магчымасці для сумеснай плённай працы дзеля працвітання нашых рэгіёнаў.
На сустрэчы ў свабоднай эканамічнай зоне «Віцебск» запланавана знаёмства з віцебскімі прадпрыемствамі, а таксама прэзентацыя кітайскіх кампаній, перамовы ў фармаце В2В.