Першая лінія абновіць «сістэму дыхання» на ААТ «Даламіт» у Віцебску
З 27 красавіка ААТ «Даламіт» пачне замену дзеючых цыклонаў пылаўлоўцаў на тэхналагічнай лініі № 1 ключавога цэха № 7. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення па будаўніцтве прадпрыемства Раман Люлюк.
Аспірацыйнае абсталяванне расійскай кампаніі на прадпрыемства стала паступаць 3 красавіка. Завяршэнне паставак плануецца да канца месяца, мантаж намечаны на май. Ужо выканана буйнагабарытная зборка новых мультыцыклонных пылаўлоўцаў для тэхналагічнай лініі № 1. У далейшым іх заменяць і на другой лініі. Адначасова ідзе зборка цыклонаў для тэхналагічнай лініі № 3, абсталяванне для якой летась паставіла кітайская кампанія. Мантаж вядзецца пад кантролем яе спецыялістаў.
– Работы па рэканструкцыі трэцяй тэхналагічнай лініі ў актыўнай фазе. Устаноўлены каўшовы элеватар, молатавая дробалка, імпульсны фільтр, змантаваны назапашвальны бункер, зроблена абвязка паветраводаў. Працягваем мантаж металаканструкцый для ўстаноўкі двух цыклонаў і дэмантаж аварыйных пліт з заменай на металічныя балкі, з далейшым уладкаваннем бетоннага пакрыцця, – растлумачыў Раман Люлюк.
Штодня на пляцоўцы задзейнічаны 70 чалавек, прыцягваецца да 20 адзінак тэхнікі.
– Асаблівасць работ на дадзенай пляцоўцы ў высокай цеснаце. Будаўнікі і мантажнікі працуюць разам, адначасова побач працягвае функцыянаваць абсталяванне прадпрыемства. Пры гэтым мы разлічваем не проста ўкласціся ў тэрмін, а выканаць работы з апярэджаннем, – адзначыў вытворца работ філіяла «Віцебскае мантажнае ўпраўленне» ААТ «Прамтэхмантаж» Вячаслаў Альковіч.
Дзякуючы энергаэфектыўнаму абсталяванню пры меншых затратах электраэнергіі прадукцыйнасць новай лініі будзе ў два разы вышэй.
Прынцыповыя адрозненні – у тэхналогіі драбнення і памолу. Прадугледжаны дадатковы, другі этап драбнення, які дазволіць атрымліваць на выхадзе больш дробную фракцыю.
– У дадатак да існуючай у нас будзе працаваць яшчэ адна драбнілка, молатковая, – патлумачыла інжынер-тэхнолаг цэха № 7 Кацярына Брэзгіна. – Даламіт будзе праходзіць праз сістэму аспірацыі і ачысткі. Для адводу тонкадысперснага пылу пры драбленні будзе ўжыты рукаўны фільтр, што зробіць лінію высокаэкалагічнай.