Планы абнаўлення райцэнтраў да "Дажынак" трэба выносіць на грамадскае абмеркаванне - Мікалай Шарснёў
Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі падрыхтоўку аб'ектаў цяперашняй сталіцы свята - горада Дубровна і ўсяго Дубровенскага раёна да фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2017". Усяго ў раёне плануецца абнавіць каля 300 аб'ектаў. Пераўтварэнні чакаюць цэнтральную плошчу і галоўныя гарадскія вуліцы, будуць адрамантаваны і мадэрнізаваны жылыя дамы, установы адукацыі, аховы здароўя, транспарту, спартыўныя збудаванні і інш. Падрыхтоўка да восеньскага свята ўраджаю актыўна ідзе. Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што традыцыя правядзення абласных "Дажынак" у рэгіёне будзе працягнута.
"Хлеб на Віцебшчыне даецца нялёгка. Цяжкім быў мінулы сельскагаспадарчы год, цяжкай стала і цяперашняя пасяўная. Працу хлебаробаў трэба паважаць і адзначаць", - перакананы губернатар.
Ён таксама падкрэсліў, што райцэнтры, якія становяцца сталіцай свята, істотна абнаўляюцца, ператвараюцца. "Ні адзін раённы бюджэт не ў стане прафінансаваць той каласальны аб'ём работ, які мы выконваем напярэдадні "Дажынак". Мы канцэнтруем грошы, усе разам прыводзім у парадак пэўны райцэнтр, каб стварыць умовы для камфортнага жыцця людзей", - дадаў кіраўнік вобласці. Разам з тым Мікалай Шарснёў перакананы, што падыходы і метады гэтай работы трэба ўдасканальваць.
"Падрыхтоўваць праектна-каштарысную дакументацыю трэба пачынаць не за год, а загадзя, каб спакойна прадумаць, як добраўпарадкаваць населены пункт, магчыма, вынесці праект на грамадскае абмеркаванне. Гэта дасць магчымасць пачуць прапановы жыхароў, дазволіць ім унесці свой уклад у развіццё свайго горада", - сказаў губернатар. Ён падкрэсліў, што калі традыцыя правядзення рэгіянальных "Дажынак" у існуючым фармаце будзе захавана, то праз 10-15 гадоў усе райцэнтры асучасняцца.
"У такіх пераўтвораных населеных пунктах будзе прыемна і жыць, і працаваць", - перакананы Мікалай Шарснёў. ЁнНагадаў, што ў вобласці ўжо вызначаны райцэнтры, якія прымуць "Дажынкі" ў 2018 і 2019 гадах. Гэта будуць Верхнядзвінск і Браслаў адпаведна.
Алена Ціханава - БелТА.