Пад знакам «Роднае маё». У Віцебску праходзіць абласны форум моладзевых саветаў
Ключавая мэта мерапрыемства – захаванне нацыянальнай гістарычнай спадчыны і традыцыйных духоўных каштоўнасцей.
– Работа з моладзевымі саветамі спрыяе фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі падрастаючага пакалення. Сёння ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця моладзевага патэнцыялу. Правядзенне форуму стала лагічным працягам гэтай сістэмнай работы. Мы зрабілі асаблівы акцэнт на тэме «Роднае маё», каб праз мову, гісторыю і сумесную працу ўмацаваць сувязь маладога пакалення з малой радзімай. Упэўнены, гэта падзея стане кропкай росту для новых лідараў, – адзначыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў.
Для настаўніка гісторыі СШ № 33 Віцебска імя І. Чарняхоўскага, члена Савета працоўнай моладзі пры Віцебскім гарвыканкаме Марыны Міронавай абласны форум – гэта не проста пляцоўка для зносін.
– Ва ўмовах развіцця сучаснай беларускай дзяржавы сустрэчы з кіраўніцтвам вобласці дазваляюць ператварыць разрозненыя ініцыятывы студэнтаў і маладых спецыялістаў у сістэмную кадравую палітыку. Форум моладзевых саветаў дазваляе пераводзіць нашы ініцыятывы на мову дзяржаўных задач. Тут нараджаюцца праекты, якія пазней рэалізуюцца ў рэгіёнах. Сённяшні форум – гэта шчыры дыялог, дзе моладзь мае магчымасць задаць цікавыя пытанні кіраўніцтву. Практыка паказвае, што пасля такіх сустрэч, моладзевыя саветы перастаюць быць «папяровымі структурамі». Яны становяцца сааўтарамі дзяржаўнай моладзевай палітыкі, дзе кожны будзе пачуты. Для Беларусі, дзе цэняцца стабільнасць і пераемнасць пакаленняў, гэта лепшая інвестыцыя ў тых, каму заўтра будаваць будучыню краіны, – падкрэсліла Марына Міронава.