Падробленыя грошы шчасця не прыносяць

Свой выступ я хачу прысвяціць пытанню, звязанаму з вырабам, захоўваннем альбо збытам падробленых грошай і адказнасці, якая наступае за здзяйсненне гэтых дзеянняў.

З развіццём камп'ютарнай тэхнікі ў многіх грамадзян узнікае спакуса вырабіць з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў падробленыя грошы, якія ў далейшым выкарыстоўваць пры разліках за тавары і паслугі. Пры гэтым можа быць цалкам або часткова выканана падробка нацыянальнай або замежнай валюты, у тым ліку ўнясенне змяненняў у сапраўдныя грашовыя знакі ў выглядзе выпраўлення наміналу і іншых рэквізітаў, для надання ім іншага намінальнага кошту.

Збытам з'яўляюцца любыя спосабы перадачы падробленых грошай іншым людзям. Імі могуць быць: продаж, дарэння, абмен, аплата за паслугі.   

Здзяйсненне злачынства, звязанага з вырабам, захоўваннем альбо збытам падробленых грошай, ставіцца ў катэгорыі цяжкіх, а пры здзяйсненні злачынства паўторна, альбо арганізаванай групай, альбо ў асабліва буйным памеры – да катэгорыі асабліва цяжкіх.  

У 2015 годзе праваахоўнымі органамі ў Віцебскай вобласці было выяўлена 79 злачынстваў, звязаных з вырабам, захоўваннем альбо збытам падробленых грошай, за 5 месяцаў 2016 г. – 43.  

Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь прадугледжана крымінальная адказнасць за здзяйсненне ўказаных дзеянняў. Пры здзяйсненні злачынства ў першы раз – прадугледжана пакаранне аж да пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі, за паўторныя дзеянні – пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Пры гэтым крымінальная адказнасць наступае незалежна ад намінальнага кошту вырабленай падробнай грашовай купюры. 

Хачу папярэдзіць грамадзян, у якіх з-за розных прычын апынуліся падробленыя грошы. Не спрабуйце іх збыць іншым асобам, у надзеі на тое, што падробнасць купюр не будзе ўстаноўлена пры збыце. Выяўленне падробных купюр – пытанне часу, а тэрмін даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці за здзяйсненне ўказанага злачынства складае ад

10 да 15 гадоў. Каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці за захоўванне падробленых грошай, неабходна адсутнасць намеру на іх збыт. І каб гэта пацвердзіць, неабходна добраахвотна выдаць падробленыя грошы праваахоўным органам. У выпадку збыту загадзя падробленых грошай, у дачыненні да вінаватай асобы, на перыяд следства, як правіла, выбіраецца мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, а прыгаворам суда выбіраецца пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.

У якасці прыкладу прывяду матэрыялы адной крымінальнай справы, расследаванне па якой у першым паўгоддзі 2016 г. праводзілася Следчым упраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці ў дачыненні да 4 грамадзян горада Віцебска, якія ў перыяд часу з лістапада 2015 года па красавік 2016 года захоўвалі падробленыя даляры ЗША з мэтай іх збыту і неаднаразова збывалі ўказаныя даляры грамадзянам за беларускія рублі па курсе, ніжэйшым за ўстаноўлены банкамі афіцыйны курс, разлічваліся імі за паездкі з кіроўцамі таксі. Для падробкі выкарыстоўваліся сапраўдныя пяцідаляравыя купюры, у якіх спосабам трафарэтнай друку змяняўся намінал купюры з 5 на 50, прозвішча Прэзідэнта ЗША. Варта адзначыць высокую якасць падробкі купюр па знешнім выглядзе, што дазваляла іх збываць грамадзянам неаднаразова. У той жа час, пры належным аглядзе купюр, іх падробнасць магла быць устаноўлена яшчэ падчас збыту. Для гэтага неабходна было звярнуць увагу на ахоўную паласу, на якой меўся надпіс «пяць даляраў» і што на пяцідзесяцідаляравай купюры павінен быць партрэт Прэзідэнта ЗША Гранта, а не Лінкальна. У дачыненні да вінаватых асоб на перыяд правядзення папярэдняга расследавання па крымінальнай справе выбрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, у цяперашні час крымінальная справа пракуратурай вобласці накіравана ў суд Першамайскага раёна г.Віцебска для разгляду па сутнасці.

Старшы пракурор аддзела па наглядзе
за выкананнем заканадаўства
упраўлення Следчага камітэта
Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Уладзімір Васільеў.