Падведзены вынікі работы са зваротамі

Адным з найважнейшых напрамкаў пракурорскай дзейнасці з'яўляецца праца са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб.

У мінулым годзе ў органы пракуратуры вобласці паступіла 9,8 тыс. зваротаў, з якіх больш за 6 тыс. непасрэдна вырашана пракурорскімі работнікамі. Прызнаны абгрунтаванымі 27,5% зваротаў.

Таксама на асабістым прыёме супрацоўнікамі пракуратуры прынята 6,8 тыс. чалавек. Шырока практыкавалася правядзенне прыёмаў па месцы жыхарства і працы грамадзян, а таксама арыштаваных і асоб, якія адбываюць меры пакарання.

Найбольшую колькасць зваротаў разгледжана ў пракуратуры вобласці, пракуратурах г. Віцебска, г. Наваполацка, Аршанскага, Полацкага, Віцебскага, Чашніцкага, Гарадоцкага, Талачынскага раёнаў.

У асноўным грамадзяне і прадстаўнікі юрыдычных асоб абскардзілі прынятыя органамі дазнання і следства рашэнні па заявах і паведамленнях аб злачынствах, судовыя рашэнні па крымінальных і грамадзянскіх справах, дзеянні і рашэнні органаў, якія вядуць адміністрацыйны працэс.

Пры гэтым прычынамі паступлення абгрунтаваных скаргаў на дзеянні і рашэнні следчых і дазнавальнікаў па-ранейшаму з'яўляюцца няпоўнасць праведзеных праверак па заявах і паведамленнях аб злачынствах, неаб'ектыўнасць следства.

Нярэдка парушэнні працэсуальных норм, павярхоўнае вывучэнне абставін правапарушэнняў служылі падставамі для апратэставання пракурорамі пастаноў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Таксама актуальнымі застаюцца звароты па пытаннях парушэння наймальнікамі працоўных правоў работнікаў, абскарджання дзеянняў дзяржаўных органаў і арганізацый.

Асаблівую трывогу выклікаюць скаргі на бяздзейнасць адпаведных зацікаўленых ведамстваў у абароне правоў непаўналетніх, у тым ліку ад іх нядбайных бацькоў.

У мэтах аднаўлення парушаных правоў заяўнікаў, абароны іх законных інтарэсаў у 2017 годзе па выніках разгляду 1,4 тыс. зваротаў былі прыняты меры пракурорскага рэагавання.

Да прыкладу, дзякуючы ўмяшанню пракуратуры вобласці былі абаронены жыллёвыя правы

непаўналетніх. Так, па іску пракуратуры  вобласці судом прызнана несапраўднай здзелка дарэння маці дзяцей добраўпарадкаванай трохпакаёвай кватэры ў г.Віцебску і прыменены наступствы  несапраўднасці дадзенай здзелкі.

Намеснік начальніка
арганізацыйна-кантрольнага аддзела
пракуратуры вобласці  Святлана Зайцава