Паказчыкі, прадугледжаныя Дзяржпраграмай «Народнае здароўе і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016 – 2020 гады, на Віцебшчыне выкананы – паведамілі ў час пасяджэння аблвыканкама
Насельніцтва паўночнага рэгіёна Беларусі прырастае. У мінулым годзе тут з'явілася на свет 13 450 дзяцей, паказчык нараджальнасці склаў 11,2 на тысячу насельніцтва і стаў лепшым за апошнія 24 гады. Больш малышоў з'явілася ў Віцебску, Полацку, Наваполацку і сямі раёнах. Своеасаблівы бэбі-бум абумоўлены у асноўным тым, што ўсё часцей жыхаркі Прыдзвіння вырашаюць стаць мамамі другі, трэці, чацвёрты раз. У той жа час назiраецца праблема: у вобласці падае колькасць жанчын фертыльнага ўзросту, з кожным годам іх становіцца амаль на 5 тысяч менш. Адзін са спосабаў кампенсаваць гэты «мінус» – зніжэнне колькасці абортаў, над чым нашы медыкі ўпарта працуюць. І ў гэтым напрамку яны сталі піянерамі, іх методыкі знаходзяць прымяненне ў рэспубліцы.
Знізіліся і паказчыкі па смяротнасці, колькасць памерлых скарацілася на 345 чалавек. Важна адзначыць, што значна зменшылася дзіцячая і агульная дзіцячая смяротнасць, паказчыкі рэгіёна з'яўляюцца аднымі з самых нізкіх у Беларусі і ўжо дасягнулі ўзроўню, намечанага на апошні год рэалізацыі Дзяржпраграмы па дэмаграфічнай бяспецы. У выніку прынятых мер па арганізацыі ранняй дыягностыкі анказахворванняў удалося павялічыць працягласць жыцця людзей, якія маюць злаякасныя новаўтварэнні. Дзякуючы міжведамаснаму ўзаемадзеянню на 17% скарацілася колькасць выпадкаў гібелі людзей ад знешніх прычын.
Найважнейшы фактар для далейшага дэмаграфічнага росту – зніжэнне тэмпаў натуральнага ўбытку, такую дынаміку ўдаецца ўтрымліваць у рэгіёне на працягу апошніх 7 гадоў. Больш таго, натуральны прырост насельніцтва адзначаны ў Віцебску, Наваполацку, Браславе, Глыбокім, Докшыцах, Лепелі, Лёзне, Паставах, Навалукомлі, Шуміліне.
Выканаць паказчыкі, даведзеныя Дзяржпраграмай, удалося нягледзячы на тое, што
ахова здароўя Віцебшчыны развівалася пры дэфіцыце фінансавання бюджэту.
– Паказчыкі праграмы выкананы за кошт мер кампенсацыйнага характару, якія былі забяспечаны ўсімі галінамі ўлады і структурнымі падраздзяленнямі, – растлумачыў Юрый Мікалаевіч. – У прыватнасці, толькі аптымізацыя ложкавага фонду без шкоды для даступнасці і якасці аказваемай меддапамогі дазволіла захаваць 302 млрд недэнамінаваных рублёў. Эканомію рэсурсаў далі стварэнне інтэграваных структур, аптымізацыя невыкарыстоўваемых плошчаў, будынкаў для наступнага уключэння ў абарот, рацыянальнае размяшчэнне структурных падраздзяленняў, размеркаванне сродкаў сярод устаноў па фактычна аказваемай меддапамозе. Значна зменшыліся аб'ёмы аказання стацыянарнай дапамогі на карысць менш затратнай амбулаторна-паліклінічнай. Рамонтна-будаўнічыя работы на аб'ектах аховы здароўя праводзіліся гаспадарчым спосабам і шмат у чым за сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці. Так, за кошт аказання платных паслуг у 2015 годзе быў атрыманы 451 млрд недэнамінаваных рублёў, у 2016-м – 665 млрд.
Такая палітыка ў арганізацыі аховы здароўя рэгіёну будзе працягнута і ў 2017-м. Толькі рацыянальнае, эканамічна выверанае выкарыстанне рэсурсаў дазволіць забяспечыць эфектыўную працу галіны, а ва ўмовах іх дэфіцыту даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі.
Ва ўмовах жорсткай эканоміі старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў настойліва рэкамендаваў не распыляць сродкі, а сканцэнтраваць іх на найбольш важных напрамках і аб'ектах галіны.
Так, улічваючы распаўсюджанасць сардэчна-сасудзістых захворванняў і смяротнасць ад іх, стаўка будзе зроблена на рэнтгенаэндаваскулярную хірургію. У Віцебску толькі ў 2016 годзе ўведзена два ангіёграфы, і яны ўжо прыносяць свой вынік па зніжэнні колькасці інфарктаў міякарда. Аналагічныя комплексы плануецца ўсталяваць па чарзе ў Полацку, Оршы, Браславе. Для здароўя жанчын і дзяцей намечана стварэнне ў абласным цэнтры акушэрска-педыятрычнага тэрапеўтычнага цэнтра. Запланаваны мерапрыемствы па зніжэнні заўчасных родаў, памяншэнні
цяжкасці дзіцячай інваліднасці. Апраўданы ўкладанні ў удасканаленне анкалагічнай службы, а менавіта выяўленне і лячэнне раку на пачатковых стадыях. Таксама ў 2017 годзе ў рэгіёне атрымае актыўнае развіццё нейрахірургія.Правільная расстаноўка прыярытэтаў дазволіць берагчы і бюджэтныя сродкі, і здароўе людзей. Бо зэканомленыя грошы ідуць на ўдасканаленне медыцынскай дапамогі, укараненне новых тэхналогій, забеспячэнне даступнасці абследавання і лячэння на высокім узроўні для кожнага жыхара Віцебшчыны. А ранняе выяўленне хваробы і своечасовае яе лячэнне захавае самае каштоўнае – чалавечае жыццё.
Наталля Рыжкова. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».