Прадстаўнікі Віцебскай вобласці прымуць удзел у XXXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы

Представители Витебской области примут участие в XXXIII Минской международной книжной выставке-ярмарке

Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш працягнецца шэсць дзён — з 17 па 22 сакавіка, на працягу якіх наведвальнікаў чакаюць унікальныя сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі, прэзентацыі, конкурсы, семінары і нават падарункі.

Напярэдадні адкрыцця адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная гэтай знакавай падзеі і насычанай праграме выставы.

Як адзначыла начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алеся Ігнатова, сёлета асноўныя тэмы кніжнага форуму — гэта 35-годдзе Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Год беларускай жанчыны. Па традыцыі асаблівая ўвага будзе нададзена прэзентацыям кніжных навінак ад вядучых выдавецтваў краіны. Будзе шмат гасцей з далёкага і блізкага замежжа.

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» прадставіць унікальнае выданне «Казкі народаў СНД», а выдавецтва «Беларусь» — «Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў».

– У нас выйшла падарункавае выданне кнігі Якуба Коласа "Новая Зямля" ў афармленні народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, – распавёў дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Аляксандр Бадак. – Цудоўныя ілюстрацыі, поўны пераклад паэмы на рускую мову ажыццявіў паэт Андрэй Цяплоўскі. Таксама да 130-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы пройдзе прэзентацыя яго кнігі «Астрыжаны вожык» з удзелам унучкі пісьменніка і артыста Алега Вінярскага.

Намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Аляксей Чарота адзначыў, што пісьменнікі будуць выступаць на розных пляцоўках выставы, а ў першы дзень працы форуму пройдзе прэзентацыя зборніка «Паэзія подзвігу» і міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час».

Прэзентацыя Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» запланавана на 18 сакавіка ў 13.30.

Прарэктар па міжнароднай і навукова-метадычнай рабоце ДУА «Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы», кандыдат культуралогіі Людміла Кажухоўская адзначыла, што асаблівы акцэнт падчас работы кніжнай выставы будзе зроблены на моладзь, для дзяцей будзе працаваць «Адукацыйны квартал», дзе пройдзе шмат інтэрактыўных мерапрыемстваў, бяспройгрышная латарэя.

Праграма XXXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу па спасылцы.

"Віцебскія весці"