Прыняць на працу правільна

У прыродных і кліматычных умовах Рэспублікі Беларусь актуальнай з'яўляецца магчымасць найму работнікаў не бестэрмінова, а на пэўны сезон.

Разам з тым, наймальнікі пры выбары сезоннай формы найму часта не ўлічваюць палажэнні дзеючага заканадаўства, што прыводзіць да ўшчамлення правоў і законных інтарэсаў работнікаў.

У адпаведнасці з палажэннямі арт.299 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь сезоннымі прызнаюцца работнікі, занятыя на работах, якія з-за прыродных і кліматычных умоў выконваюцца не круглы год, а на працягу пэўнага перыяду (сезона), які не перавышае шасці месяцаў.

Пры гэтым, не з'яўляюцца сезоннымі тыя віды работ, якія выконваюцца ў які-небудзь пэўны перыяд па прычынах эканамічнага або камерцыйнага характару, а не прыродных або кліматычных умоў.

Пералік сезонных работ устаноўлены пастановай Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 14.04.2000 №56. Ён абавязковы для наймальніка і не падлягае пашырэнню.

Калі выконваемыя работы не ўваходзяць ва ўказаны пералік, але маюць часовы характар, то павінен заключацца тэрміновы працоўны дагавор на пэўны тэрмін або на час выканання пэўнай работы (п.2,3 ч.1 арт.17 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Так, пракуратурай вобласці падчас разгляду звароту грамадзяніна Ф. устаноўлена, што ён неаднаразова прымаўся на працу ў якасці ацяпляльніка ў адной з раённых устаноў на перыяд ацяпляльнага сезона і з ім заключаўся тэрміновы працоўны дагавор на час выканання сезонных работ.

Разам з тым, наймальнік не ўлічыў, што работы, якія выконваюцца ацяпляльнікам, не ўваходзяць у адпаведны пералік сезонных работ, таму заключэнне з работнікам такіх дагавораў не адпавядае патрабаванням заканадаўства.

У сувязі з выяўленымі парушэннямі заканадаўства пракуратурай вобласці начальніку ўстановы ўнесена адпаведнае прадстаўленне.

Пракурор аддзела па наглядзе за
выкананнем заканадаўства і
законнасцю прававых актаў А. Нізюлько.