«Прамая лінія» старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва: ва ўсім павінна быць сістэма
Калі казаць пра выніковасць, то на працягу месяца вырашаецца дзесьці 80 працэнтаў праблем, якія паступаюць, 20 ставяцца на кантроль да з'яўлення фінансавання.
Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў перад пачаткам размовы з жыхарамі Віцебшчыны высвятляў у спецыялістаў, чаму, на іх думку, людзі скардзяцца па адных і тых жа праблемах, і заўважыў, што «прамая лінія» быццам бы гасіць узнікаючыя пастаянна нейкія разавыя праблемы, а сістэма вырашэння асноўных, асабліва ў ЖКГ, так і не выпрацавана. Мікалай Шарстнёў даручыў намесніку старшыні аблвыканкама Уладзіміру Белавусу і начальніку ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Юрыю Дзядзелу за тыдзень прадумаць, прааналізаваць дадзенае пытанне і далажыць, якія карэкціроўкі неабходна ўнесці ў падыходы да рэагавання на звароты грамадзян.
На дадзеную «прамую лінію» таксама тэлефанавалі бесперапынна. Пытанні гучалі з Полацкага, Аршанскага, Сенненскага, Лёзненскага, Гарадоцкага, Віцебскага, Талачынскага раёнаў і абласнога цэнтра, адкуль і дазваніцца прасцей, і насельніцтва тут пражывае непараўнальна больш, чым у раёнах.
Першы званок быў з Оршы. Размова ішла пра тое, што калісьці заасфальтавалі тэрыторыю ўздоўж дома па вуліцы Леніна, людзі радаваліся гэтаму. Але неўзабаве двор ператварыўся ў сквозны праезд, тут назіраецца вялікі паток аўтамабіляў. Раней стаялі блокі, што ўскладнялі рух, а затым іх прыбралі. Атрымліваецца, што дзеці гуляюць на праезнай частцы. Паступіла просьба зноў усталяваць тут агароджу.
Старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Ісачэнка паясніў, што прыбраны блокі па патрабаванні МНС і ДАІ. Але старшыня аблвыканкама быў няўмольны: запатрабаваў выехаць на месца, сустрэцца з аўтарам званка і вырашыць дадзеную сітуацыю, растлумачыць усё дэталёва, каб у заяўніцы не было падставы скардзіцца зноў.
Аляксандр Платонавіч, які пражывае па вуліцы Набярэжнай, 11 у Новалукомлі, выйшаў на ўзровень старшыні аблвыканкама пасля зваротаў на працягу 11 месяцаў у розныя інстанцыі. Непрацуючая вентыляцыя так і не наладжана. На яго думку, нейкія дзеянні здзейсніў з вентыляцыяй сусед.
Старшыня Чашніцкага райвыканкама Леанід Плешка паведаміў, што не дапускаюць высветліць сітуацыю з вентыляцыяй ні заяўнік, ні яго сусед. Вызначыліся, што трэба падрыхтаваць дакументацыю і правесці рамонт. У сакавіку дакументы будуць гатовыя.
Мікалай Шарснёў здзіўляўся, што дакументацыя робіцца без высвятлення прычыны, якая няспраўнасць і па чыёй віне гэта здарылася. Калі не пускаюць, значыць, усё трэба запратакаліраваць, прыцягнуць да гэтага праваахоўныя органы і высветліць крыніцу праблемы, вінаватых прыцягнуць да адказнасці. ЖКГ тут трэба больш актыўна дзейнічаць, а не расцягваць рашэнне на гады.
Пытанне Сяргея Мікалаевіча з вуліцы Смаленскай у Віцебску аб затапленні могілак у Нікропаллі з-за снежнай звалкі доўга не абмяркоўвалася. Старшыня гарвыканкама Віктар Нікалайкін заўважыў, што пра гэта яму нічога не вядома, але раз пытанне ўзнікла, то яно будзе вырашана: у бліжэйшы час зробяць водаадвядзенне павадкавых паверхневых вод.
Пэўныя скаргі ўзнікаюць толькі таму, што на іх даюць адказы усе інстанцыі, абапіраючыся на першакрыніцу без паўторнай праверкі. Такое ўражанне склалася пасля званка Анатоля Віктаравіча з пасёлка Светлы Віцебскага раёна. У яго адрас ад раённай улады сталі паступаць прэтэнзіі, што, маўляў, ён не жыве ў будынку, дзе мае ўласнасць жыллё, не ацяпляе яго, і ад гэтага ў суседзяў прамярзаюць сцены. Заяўнік распавядае, што ў доме печкавае ацяпленне, ён працуе будаўніком па зменным графіку і па магчымасці пратапляе кватэру. Дарэчы, дом пабудаваны ў 1972 годзе на 8 кватэр і толькі ў чатырох з іх пражываюць людзі. Старшыня аблвыканкама разважаў, што справа ўладальніка жылля, калі яго абаграваць і якую тэмпературу падтрымліваць. І каб не крыўдзіць дарма чалавека, трэба сустрэцца з ім і тымі, на падставе чыіх скаргаў прад'яўляюцца прэтэнзіі. Правесці расследаванне, зрабіць замеры і зняць гэту праблему назаўжды.
Гэтак жа нельга кідаць на самацёк скаргу Івана Сельвярставіча з вёскі Парханшчына Полацкага раёна адносна замацавання за ім зямельнага ўчастка. Па словах звярнуўшагася, яго абрэзалі падчас адсутнасці гаспадара. І інстытут «Белгіпразем» аформіў дакументы.
Кіраўнік вобласці зноў жа зрабіў вымову ў адрас мясцовай улады Полацка: ганяюць чалавека з аднаго кабінета ў іншы, дзе ад яго проста адмахваюцца. А трэба выехаць на месца, яшчэ раз удумліва ўвайсці ў сітуацыю, усё даступна растлумачыць. Не тое гэта пытанне, якое патрабуе грошай.
Падобнае, можна сказаць, суседскае пытанне ўзнікла і ў Віцебску па вуліцы Стадыённай: суседка пабудавала лазню, з-за чаго Станіславу Станіслававічу перанеслі межы ўчастка. Суд задаволіў яго патрабаванні вярнуць ранейшыя межы, якія існавалі з 1987 года. Але каб не прымушаць суседку зносіць лазню, камісійна Кастрычніцкі райвыканкам устанавіў межы ўчастка насуперак патрабаванням заяўніка. Цяпер гэтае пытанне зноў разгледзіць суд, куды ўжо справу перадалі з аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аблвыканкама.
Больную тэму гаспадаркі «Рубежніца» Лёзненскага раёна агучыла Аксана Рыгораўна з вёскі Багатыр. Тут не аплацілі людзям адпускныя яшчэ за 2018 год, зарплату не выдалі за студзень. Восенню, калі заробкі былі вышэйшыя, можна было частку іх выбіраць прадуктамі ў краме. А зімой зарплата невялікая, і калі гаспадарка з крамай не разлічваецца, то нічога ў кошт яе не возьмеш. Да таго ж не заўсёды ёсць тое, што трэба. Аксана працуе жывёлаводам, яна перажывае, што жывёле не выдзяляюць у дастатковай колькасці канцэнтраты, сою, муку, што адбіваецца і на прывагах, і на колькасці малака. Дарэчы, муж яе — механізатар, абслугоўвае тры трактары, ён вырашыў падаць заяву на звальненне і пашукаць працу ў іншым рэгіёне. Аксане вельмі не хочацца з'язджаць з родных мясцін, але ў іх двое дзяцей, трэба іх апранаць, карміць, музычную школу аплачваць, сына ў кадэцкае вучылішча збіраць.
Мікалай Шарснёў запатрабаваў у першага намесніка старшыні Лёзненскага райвыканкама неадкладна сустрэцца з кіраўніком гаспадаркі, выпрацаваць план дзеянняў і далажыць, як у «Рубежніцы» будзе вырашацца ўзнікнуўшая праблема. Бо на парозе пасяўная, а ў іх цэлы ком нявырашаных пытанняў.
У цяперашні час, калі гаворка заходзіць аб кадрах, узнікае пытанне аб тым, што моладзь з вёскі з'язджае ў горад. Але бывае, што якраз у сельгасарганізацыях спецыялісту не дапамагаюць адаптавацца. Аб такім выпадку паведаміла Таццяна Уладзіміраўна з Суйкава Віцебскага раёна. Яе сына пасля каледжа размеркавалі электрыкам у «Крынкі» Лёзненскага раёна. І мала таго, што зарплата мізэрная, але і інструментаў за ім не замацавалі, матэрыяламі не забяспечылі. Нават ізастужку купляе для сына, каб мог працаваць.
Калі сталі ў Лёзненскім райвыканкаме абвяргаць выказанае Таццянай Уладзіміраўнай, то, падобна, пераблыталі спецыялістаў, сталі гаварыць як аб галоўным інжынеры.
Мікалай Мікалаевіч высвятляў, ці ўсё зрабілі, каб стварыць маладому спецыялісту ўмовы для працы, ці забяспечылі інструментамі. Не атрымаўшы належнага адказу, запатрабаваў разабрацца і далажыць не адкладаючы.
Шмат пытанняў, якія трэба вырашыць, агучыла Тамара Мікалаеўна з Езярышча (аб неналежных умовах у дзіцячым садку для дзяцей малодшага школьнага ўзросту; магчымасцях рамонту камерцыйнага жылля; рамонце вуліцы, дзе складана хадзіць з-за буйнога друзу). Паведамлялі аб нежаданні забіраць смецце з вуліцы 3-й Саўхознай у Віцебску, дзе трэба падымацца ў гару; аб нязгодзе з памерам аплаты за праезд з Полацка, а з вёскі Кавалішчы Полацкага раёна — зноў жа аб нязгодзе з аплатай за электраэнергію. Аб тым, што ў віцебскіх крамах адсутнічае ялавічына, расказаў Уладзімір Васільевіч з вуліцы Міра, 24, корпус 1. Ён жа пытаўся, ці можна яму як інваліду трэцяй групы ў выніку агульнага захворвання атрымліваць лекі па льготнай цане; Мікалай Іванавіч з аграгарадку Лісуны Аршанскага раёна занепакоены, што не адноўлены да гэтага часу музей Канстанціна Заслонава.
Выслухаўшы на гэты конт меркаванні спецыялістаў, кіраўніка Аршанскага райвыканкама, кіраўнік вобласці ўзяў рашэнне аб захаванні музея пад асабісты кантроль, падкрэсліўшы, што недапушчальна гэтае пытанне ператвараць у гаварыльню, і запатрабаваў усё зрабіць у найкароткія тэрміны.
Атрымала параду аб тым, як паступіць, каб не плаціць па поўным кошце за балон газу, пражываючы ў вёсцы і маючы кватэру ў Віцебску, Галіна Сяргееўна з вёскі Застарынне Бешанковіцкага раёна.
Выслухаўшы зварот аб дрэннай уборцы вуліц і двароў у Віцебску, Мікалай Шарснёў пагадзіўся з Яўгенам Мікітавічам (вуліца Гагарына, 142), што недахопаў пры вырашэнні гэтай праблемы шмат, але ўлада прымае неабходныя меры. Пацікавіўся ў таго, хто тэлефанаваў, што ён прапануе па паляпшэнні сітуацыі. У адрас службы кіравання жыллёва-камунальнай гаспадаркі зроблена нараканне, што не адпрацавана сістэма і ва ўборцы вуліц і двароў.
Прасілі звярнуць увагу на дом № 28а па вуліцы Чырвонага Кастрычніка ў Віцебску: у доме 16 кватэр, пабудаваны ў 1960 годзе. У кватэрах няма туалетаў, адсутнічае вада.
Ураджэнка вёскі Анеліна Талачынскага раёна, якая пражывае цяпер у Гомелі, выказала пажаданне пакінуць у вёсцы краму, куды яна цяпер прыязджае з унукамі на сем месяцаў, а яшчэ пражываюць вяскоўцы ў 40 дамах. Летам дадаюцца дачнікі. Яна лічыць, што два рэйсы на тыдзень аўтакрамы Сенненскага райпо недастаткова, каб мець свежыя прадукты.
Гэтыя і шэраг іншых пытанняў узяты на кантроль. Яны будуць вывучаны, прааналізаваны і вырашаны ў адпаведнасці з заканадаўствам. Але галоўнае, на што неаднаразова ўказваў Мікалай Шарстнёў, трэба ўважлівей быць да людзей, старацца вырашыць усё на мясцовым узроўні.