"Прамая лінія" з Мікалаем Шэрстнёвым: добраўпарадкаванне гарадоў раённага падпарадкавання павінна быць у полі зроку мясцовых улад
Тэма добраўпарадкавання малых населеных пунктаў была ўзнята жыхаркай горада Барань Аршанскага раёна. Яна звярнулася да кіраўніка вобласці ад імя ўсіх мясцовых маладых мам. Паводле яе слоў, значныя па плошчы ўчасткі гарадской тэрыторыі не абкошваюцца і зараслі хмызнякамі, прычым так, што месцамі страшна хадзіць. Акрамя таго, амаль цалкам адсутнічае дзіцячая інфраструктура, а наяўныя пляцоўкі не прыстасаваны для прагулак з дзецьмі. "Дзве пясочніцы, адна карусель, дзве горкі ды 4-5 лавак - гэта, мабыць, усё, няма нават простай дзіцячай пляцоўкі", - падзялілася маладая жанчына.
Справядлівасць узнятай праблемы прызнаў і першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Сяргей Пац. "Сапраўды, мы сканцэнтравалі намаганні на райцэнтры, Балбасава, Копысі, але ўпусцілі Барань", - сказаў ён.
Мікалай Шэрстнёў даручыў у бліжэйшы час сфарміраваць рабочую праграму па добраўпарадкаванні горада, прадугледзеўшы мерапрыемствы па навядзенні парадку ў грамадскіх зонах і жылым сектары.
"Бяру гэтае пытанне пад асабісты кантроль, у бліжэйшы час пабываю ў Барані і на месцы ацэню сітуацыю", - заявіў старшыня аблвыканкама. Паводле яго слоў, у Віцебскай вобласці няшмат гарадоў раённага падпарадкавання. Пры гэтым мясцовыя ўлады, сканцэнтраваўшы намаганні на ключавых аб'ектах, часам забываюць аб навядзенні там элементарнага парадку. "А хто будзе займацца ўладкаваннем пляцовак для дзяцей, рамонтам лавак, абрэзкай раслін? Менавіта мясцовая ўлада павінна арганізаваць гэту працу, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з прадпрыемствамі, чые работнікі карыстаюцца інфраструктурай", - адзначыў Мікалай Шэрстнёў.
Пытанні добраўпарадкавання гарадскіх тэрыторый і дарожнага пакрыцця пераважалі падчас размовы кіраўніка вобласці з грамадзянамі. Усяго на прамую лінію паступіла 27 зваротаў, амаль 60% з іх так ці інакш датычыліся тэмы навядзення парадку. Часцей за ўсё тэлефанавалі жыхары Віцебска (каля 67%), а таксама Полацка і Оршы. Напрыклад, жыльцы дамоў па вул. Лакаматыўная абласнога цэнтра прасілі губернатара дапамагчы ў аднаўленні зялёнай зоны на прыдамавой тэрыторыі. Падчас узвядзення пуцеправода "Полацкі" па ёй прайшла часовая дарога, а пасля завяршэння будаўніцтва ніхто не спяшаецца наводзіць парадак.
Яшчэ шэраг званкоў датычыўся пытанняў добраўпарадкавання дарожнага пакрыцця ў прыватным сектары абласнога цэнтра. Мікалай Шарстнёў даручыў кіраўніцтву Віцебскага гарвыканкама пры планаванні работ па ўдасканаленні дарожнай сеткі выдзяляць рэсурсы на мерапрыемствы па падтрыманні ў належным стане дарог і тратуараў у аддаленых раёнах жылой забудовы.
Па словах начальніка аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Віцебскага аблвыканкама Ілоны Шульгі, падчас папярэдняй тэлефоннай лініі старшыні аблвыканкама ў сакавіку было дадзена 24 даручэнні, з якіх амаль 88% выканана. Усяго за шэсць месяцаў бягучага года на прамыя тэлефонныя лініі, арганізаваныя аблвыканкамам, паступіла 325 зваротаў, што прыкладна на 10% больш, чым за аналагічны перыяд 2019-га. Як адзначыла Ілона Шульга, у бягучым годзе жыхары рэгіёну аддаюць перавагу дыстанцыйным зносінам, на што паказвае скарачэнне зваротаў на асабістых прыёмах у аблвыканкаме. Тэматыка пытанняў застаецца традыцыйнай - гэта ЖКГ, ахова здароўя, дарожная інфраструктура, сацыяльнае абслугоўванне, землекарыстанне, праца і занятасць.