Прамая лінія намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Пяніна: большасць зваротаў датычыліся сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі

Большасць зваротаў, якія паступілі падчас «прамой лініі» намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Пяніна, тычыліся сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Так, віцяблянка, якая пражывае на вуліцы Ленінградскай, паскардзілася, што ў яе кватэры два тыдні няма гарачай вады, з крана цячэ ледзь цёплая. Як паведамілі ў ЖЭУ, прычына дадзенай з'явы — збой у працы бойлера, устаноўленага ў доме, недахопы павінен устраніць наладчык. Іншая жыхарка абласнога цэнтра, якая жыве на вуліцы Смаленскай, расказала, што ў падвале яе дома прарвала трубу, адпаведна ў самым памяшканні — бруд і непрыемны пах, які адчуваецца ў кватэрах першых паверхаў. Свішч заладзілі. Але на замену труб грашовых сродкаў пакуль няма, адказалі ў ЖЭУ. Яшчэ адна гараджанка агучыла праблему, якая хвалюе не толькі яе асабіста, але і ўсіх жыхароў раёна. Недалёка ад скрыжавання вуліц Будзённага, Дзімітрава і Герцэна ёсць парк, дзе раней было шмат лавак для адпачынку, а цяпер іх там вельмі мала, усім не хапае. Пенсіянерка з Лёзненскага раёна ўжо не першы раз звяртаецца ў аблвыканкам з пытаннямі па лініі ЖКГ. У гэты раз яна ўказала, што большасць яе заявак праз службу 115 застаецца невыкананай, у тым ліку адсутнасць воданагравальнікаў у яе кватэры, хоць капітальны рамонт дома ўжо быў.

— Ніводзін са зваротаў не застанецца без увагі, адны з іх можна вырашыць дастаткова хутка, іншыя патрабуюць паглыбленага вывучэння, трэція — пошуку немалых грашовых сродкаў, — адзначыў Уладзімір Пятровіч. – Напрыклад, цікава, куды ж зніклі лаўкі з парку? Магчыма, былі паломлены і іх прыбралі. Цяпер трэба ўсталяваць новыя. Аднак гэтага можна было пазбегнуць, калі б грамадзяне ставіліся больш беражліва да таго, што ствараецца для іх.

Некалькі званкоў, якія паступілі на прамую лінію, паказалі на праблемы, што ўзніклі ў сувязі з распаўсюджваннем віруса COVID-19. Жанчына з Шуміліна паведаміла, што з-за скарачэння колькасці маршрутаў з райцэнтра цяжка выехаць у абедзенны час. Дызель выбывае ў 7.45 і 16.00, хоць раней была адпраўка яшчэ ў 13.00. Ёсць аўтобусны рэйс, але напаўняльнасць салона транспартнага сродку вялікая, лішніх пасажыраў кіроўца не бярэ.

— Дадзеныя пытанне накіруюць на разгляд адпаведным службам, — пракаментаваў Уладзімір Пятровіч.

Жыхар Віцебска цікавіўся, ці можна ўжо выязджаць у іншыя вобласці, напрыклад, у Магілёўскую?

— Забаронаў ніякіх і не было, — адказаў Уладзімір Пянін. — Толькі выконвайце меры засцярогі падчас паездкі.

Як адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама, кожнаму з нас трэба берагчы сябе, адказна ставіцца да свайго здароўя, пры найменшых прыкметах захворвання звяртацца да медыцынскіх работнікаў, якія, у сваю чаргу, стараюцца аказаць максімальную дапамогу кожнаму. Здароўе нацыі – гэта аснова дабрабыту дзяржавы.

Важную праблему абазначыла жанчына-інвалід I групы з абласнога цэнтра.

— Мой сын таксама мае інваліднасць. Ён цяжка захварэў. Я выклікала медыкаў, але аказалася, цяжка знайсці людзей, якія данеслі б хворага чалавека да машыны хуткай дапамогі, — расказала яна. — Раней за дапамогай звярталася да работнікаў МНС, яны, хоць і не павінны, але прыязджалі. А зараз адмаўляюць, бо ў іх няма адпаведных сродкаў абароны для кантактавання з хворымі людзьмі. Хутка трэба будзе сына забіраць з бальніцы, нават не ўяўляю, якім чынам арганізаваць працэс дастаўкі прама ў кватэру.

— Гэтая праблема сапраўды актуальная, і не толькі для сённяшняга дня, таму рашэнне павінна быць знойдзена, — адзначыў Уладзімір Пянін.

Пенсіянеры з Оршы расказалі, дзесяць гадоў таму знаёмы перадаў ім зямельны ўчастак, аднак дакументы на яго ў БТІ яны да гэтага часу не аформілі. Зусім нядаўна садовае таварыства ўзначаліў новы старшыня, які выдаў пажылым людзям прадпісанне аб незаконным заняцці зямлі.

Наступны званок паступіў ад жыхара вёскі Дворышча Расонскага раёна. Ён паскардзіўся: з сакавіка затрымлівае аплату за пастаўленую прадукцыю адзін з малочных камбінатаў.

Усяго на «прамую лінію» патэлефанавалі 15 жыхароў вобласці.

— «Прамыя лініі» арганізуюцца з адной мэтай: стварыць умовы для больш цеснага ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў з насельніцтвам. Мы заўсёды адкрыты для дыялогу. Важна аказваць дапамогу людзям, даваць тлумачэнні па любых пытаннях, — у завяршэнне сказаў Уладзімір Пянін.

"Віцебскія весці".