«Прамая лінія»: да Мікалая Шарснёва звярнуліся з праблемамі ў сферы ЖКГ, выплаты зарплаты, добраўпарадкавання гарадоў

З праблемамі ў сферы ЖКГ, выплаты зарплат і пытаннямі добраўпарадкавання гарадоў звярнуліся сёння жыхары Віцебскай вобласці да старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва падчас прамой тэлефоннай лініі.

Аднымі з першых датэлефанавалася жыхарка Оршы. Жанчына расказала, што ў горадзе хочуць скараціць работнікаў у мясцовым падраздзяленні Беларускай чыгункі. Мікалай Шарстнёў даручыў старшыні райвыканкама Ігару Ісачэнку разабрацца ў гэтым пытанні і не дапусціць звальнення людзей.

Два звароты паступілі ад жыхароў дома па вул.Чкалава, 29 у Віцебску. Жанчыны скардзіліся на дрэнны стан унутрыдваровых дарожак і дзіцячай пляцоўкі, абсталяванне якой сур'ёзна зношана. Мясцовай уладзе трэба будзе ліквідаваць недахопы.

Са сваёй праблемай звярнулася віцяблянка з вуліцы 6-я Загарадная. Гэта прыватны сектар, дзе няма асфальтавага пакрыцця, а часовае грэйдзіраванне і падсыпка жвірам праблемы не здымае. Старшыня Віцебскага аблвыканкама арыентаваў мэра горада на неабходнасць грунтоўна ўзяцца за добраўпарадкаванне прыватнага сектара. "Павінна быць паслядоўная і сістэмная праца ў гэтым напрамку. Практычна ўвесь прыватны сектар без дарог. Праблемы нарастаюць штогод, вырашайце іх", - звярнуўся Мікалай Шарстнёў да кіраўніка горада Вадзіма Зараўкіна.

Падчас трохгадзіннай прамой лініі паступіла тры званкі ад работнікаў сельгаспрадпрыемстваў Віцебскай вобласці. Людзі наракалі на запазычанасці па выплатах зарплат. Губернатар запэўніў, што 30-31 сакавіка са спецыялістамі рэгіёна разлічацца.

Пенсіянер з Віцебскага раёна скардзіўся на стан воінскага пахавання ў вёсцы Шапуры, дзе спачываюць каля 17 тыс. чалавек. Асабліва ён звярнуў увагу на ваду, якая часта збіраецца за мемарыялам, не даючы людзям прайсці. Па словах кіраўніка раёна Генадзя Сабыніча, у 2021 годзе маюць намер правесці сур'ёзную рэканструкцыю мемарыяла. Мікалай Шарстнёў дадаў, што ў бліжэйшы час ён збіраецца выехаць на месца і ацаніць сітуацыю.

Падчас тэлефоннай лініі да губернатара звярнулася больш за 20 чалавек. Часцей за ўсё тэлефанавалі жыхары Віцебска і Оршы. Яны закранулі пытанні рамонту і ўцяплення сцен шматпавярховікаў, правядзення оптавалакна і паравога ацяплення ў дамы, развіцця бізнесу, праблемы банкаўскага абслугоўвання, зямельных прэтэнзій і спрэчак паміж сваякамі.

На папярэдняй тэлефоннай лініі старшыні аблвыканкама, якая прайшла 23 лістапада мінулага года, было дадзена 33 даручэнні, з іх 27 выканана. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты два начальнікі ЖЭУ Віцебска. Некаторыя пытанні застаюцца на кантролі.

БЕЛТА.