Прамая тэлефонная лінія: Мікалай Шарснёў прыняў больш за тры дзясяткі званкоў па надзённых бытавых праблемах
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў падчас прамой тэлефоннай лініі з жыхарамі рэгіёну прыняў больш за тры дзясяткі званкоў па надзённых бытавых праблемах.
Асноўная колькасць зваротаў паступіла ад жыхароў Віцебска і тычылася сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі: узнімаліся пытанні рамонту, разбітых тратуароў і пешаходных дарожак у прыватным сектары, добраўпарадкавання, працы сістэмы асвятлення ў горадзе, уборкі прыдамавых тэрыторый, водазабеспячэння. Пры гэтым часта людзі наракалі на абыякавае стаўленне з боку спецыялістаў, да якіх звярталіся раней для вырашэння праблемы.
На недапушчальнасць падобнага ў працы з людзьмі старшыня аблвыканкама звярнуў увагу кіраўнікоў усіх органаў улады, прысутных у студыі падчас відэаканферэнцыі. На яго думку, гэтая праблема пачынае набываць масавы характар не толькі ў абласным цэнтры і тычыцца перш за ўсё спецыялістаў сярэдняга звяна. "Трэба разабрацца з праслойкай паміж людзьмі і ўладай, сур'ёзна караць за такія факты. Тады, можа быць, заварушацца, а то прыходзяць, садзяцца на пасаду і ўсё - трава не расце", - канстатаваў Мікалай Шарстнёў. На яго думку, у кожнай такой сітуацыі ёсць вінаваты, і ён павінен несці адказнасць за свае ўчынкі аж да вызвалення ад займанай пасады.
Асобную ўвагу кіраўнік вобласці звярнуў на ролю старшыняў гарвыканкамаў і райвыканкамаў, якія заўсёды павінны быць на баку людзей. "Чалавек не павінен жыць з праблемай. Мы - улада - павінны яе вырашыць", - падкрэсліў Мікалай Шарстнёў.
Жыхарка аграгарадка Стасева Лёзненскага раёна патэлефанавала па пытанні іржавай вады. Па словах Мікалая Мікалаевіча, у бліжэйшыя тры гады ўсе пытанні па ачыстцы вады ў вобласці плануецца вырашыць. На гэтыя мэты выдзелены фінансавыя рэсурсы. Гэты зварот стаў нагодай зноў указаць кіраўнікам на месцах на важнасць рэгулярнага інфармавання жыхароў па актуальных тэмах, якія тычацца іх жыцця. "Людзі павінны ведаць, што і калі будзе зроблена", - нагадаў Мікалай Шарстнёў.
Са сваімі праблемамі на гарачую лінію звярталіся таксама жыхары Наваполацка, Шумілінскага, Віцебскага і Сенненскага раёнаў. Кожнае са зваротаў узята на кантроль, дапамагчы ў вырашэнні пытанняў улады паспрабуюць у бліжэйшы час.
Усяго з пачатку года на прамую тэлефонную лінію аблвыканкама паступіла 565 зваротаў. Амаль палова з іх тычыцца сферы ЖКГ. Таксама для людзей актуальныя пытанні дарожнай гаспадаркі, транспарту, аграпрамысловага комплексу, энергазабеспячэння, сацыяльнага забеспячэння, гандлю, аховы здароўя. Найбольшая колькасць званкоў зафіксавана ад жыхароў абласнога цэнтра, Аршанскага, Віцебскага, Полацкага і Сенненскага раёнаў.
БЕЛТА.