Прамая тэлефонная лінія "Уладзімір Пянін": кола пытанняў не змяняецца, большасць звязана з працай жыллёва-камунальных службаў, станам дарог

Некалькі званкоў жыхароў Віцебска тычыліся ацяплення. Пенсіянерка, якая жыве на вуліцы Чкалава, скардзілася на спёку ў кватэры. Пасля таго, як уключылі ацяпленне, паветра награваецца да 28 градусаў. Жанчына вымушана адкрываць вокны і балкон, з-за скразнякоў прастуджваецца. Звароты ў домакіраванне ні да чаго не прывялі, там, па словах пенсіянеркі, адказваюць, што не могуць убавіць цяпло, паколькі ў іншых кватэрах будуць замярзаць.

І сапраўды замярзаюць, праўда, у іншай частцы горада – у доме на вуліцы Фрунзе.

– У нас і ў мінулым годзе было холадна, і ў гэтым хаджу па кватэры ў паліто, буркі купіла, каб ногі не мерзлі. Колькі разоў звярталіся ў ЖЭУ. Сантэхнікі прыйдуць, паглядзяць, а батарэі ад гэтага цяплейшымі не становяцца. Дапамажыце, – просіць жанчына-інвалід.

Гэтыя звароты Уладзімір Пятровіч узяў на кантроль і паабяцаў у бліжэйшыя дні разабрацца.

Патрабуе ўсебаковага разгляду скарга жыхара дома на вуліцы Марка Шагала ў абласным цэнтры. Яго турбуе начны шум, які ствараюць наведвальнікі адкрытай на вуліцы Леніна 16-а кафэ «Галерэя»,

– Позна ўночы пад'язджаюць машыны, гучна ўключаюць музыку, шумяць. Мы не раз выклікалі міліцыю, супрацоўнікі правапарадку прыязджаюць, а ўжо ўсе з'ехалі. Я не прашу закрыць кафэ, але хай яно працуе хаця б да 23 гадзін, а не ўсю ноч, – кажа мужчына.

Яго можна зразумець, але як прыструніць моладзь, якая ўночы на машынах катаецца па горадзе і паркуе аўто ў дварах з уключанымі на ўсю моц дынамікамі? Прычым не толькі каля гэтага кафэ.

Таксама няпроста разважыць жыхароў вёсак Малыя Лётцы і Шавіна, з аднаго боку, і санаторыя «Лётцы», з другога. Апошні агарадзіў сваю тэрыторыю плотам, і цяпер людзі вымушаны хадзіць з аднаго населенага пункта ў іншы па неасветленай дарозе і робячы вялікі кругаля. Гэтая тэма ўжо ўздымалася, тым не менш Уладзімір Пянін паабяцаў яшчэ раз да яе вярнуцца.

Незадаволенасць працай адзінага нумара дыспетчарскіх службаў выказаў жыхар Оршы. У доме яго маці здарылася аварыя – прарвала трубу. Тэлефон 115 быў увесь час заняты, толькі праз паўгадзіны жанчына дазванілася, а за гэты час вада заліла некалькі кватэр.

– Трэба раздзяліць нумары дыспетчарскай ЖКГ і аварыйнай службы або наладзіць механізм, каб чалавек мог хутка дазваніцца, а не слухаць на працягу гадзіны кароткія гудкі, – лічыць мужчына.

Звярнуўся да намесніка старшыні аблвыканкама чытач і герой публікацыі нашай газеты ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Іван Кліменцьевіч Куракоў. 93-гадовы ветэран просіць усталяваць крыты павільён на прыпынку ў Рубе. Людзям даводзіцца макнуць пад дажджом у чаканні аўтобуса. На ранейшыя яго званкі ў розныя інстанцыі яму абяцалі ўсталяваць павільён у 2020 годзе. Чаго чакаць? Пытае Іван Кліменцьевіч. Уладзімір Пянін узяў зварот ветэрана на кантроль.

Сярод пытанняў, якія на працягу трох гадзін паступілі на прамую лінію, – дрэннае асвятленне вуліц у аграгарадку Язна Мёрскага раёна, разбітыя дарогі да населеных пунктаў Краўцы і Бруйкі Глыбоцкага раёна і іншыя.

– Кола зваротаў не змяняецца, большасць звязана з працай жыллёва-камунальных службаў, станам дарог. З глабальнымі праблемамі, якія б закраналі большую частку насельніцтва, людзі не звяртаюцца. Але для канкрэтнага чалавека важныя дробныя, здавалася б, пытанні, але яны яго турбуюць, ствараюць нязручнасці для жыцця. Некаторыя з іх можна вырашыць, у іншых – неабходна сур'ёзна разабрацца. Але не варта думаць: калі патэлефанаваў на прамую лінію, то ўсё будзе зроблена так, як чалавеку хочацца. Адказваючы на любыя звароты, мы дзейнічаем у межах закона, – адзначыў Уладзімір Пянін.

"Віцебскія весці".