Праблему дэфіцыту кадраў аграрнага сектара ўзнялі ў Віцебскім аблвыканкаме

Барацьба з беспрацоўем, дэфіцыт кадраў рабочых спецыяльнасцей і недахоп кваліфікаваных спецыялістаў для аграпрамысловага сектара рэгіёна. Пытанні працаўладкавання і выканання мерапрыемстваў падпраграмы «Садзейнічанне занятасці насельніцтва» Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне насельніцтва на 2016-2020 гады абмеркавалі на пасяджэнні аблвыканкама з удзелам міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірыны Кастэвіч.

На 1 студзеня 2018 года на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне стаялі каля 3,5 тыс. беспрацоўных. Гэта амаль на траціну менш, чым у мінулым годзе, паведаміў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў.


Людзі часцей сталі звяртацца ў службу занятасці за садзейнічаннем у працаўладкаванні


Намяціліся станоўчыя тэндэнцыі: знізіўся да 0,7% узровень зарэгістраванага беспрацоўя, у 1,9 раза павялічылася колькасць вакансій у рэгіёне (па дадзеных на пачатак 2018-га іх было больш за 4,6 тыс.), людзі часцей сталі звяртацца ў службу занятасці за садзейнічаннем у працаўладкаванні, і больш за палову (58,3%) змаглі знайсці працу.

На зноў створаныя працоўныя месцы ўладкавалася без малога 6,5 тыс. грамадзян, і Віцебская вобласць перавыканала заданні ўрада амаль на 12%.

Тым, хто па якіх-небудзь прычынах не змог знайсці прыдатнае месца, дзяржава аказвае розныя віды сацыяльнай падтрымкі: на перыяд пошуку пастаяннай працы прадугледжана дапамога па беспрацоўі, прапануюцца варыянты часовай занятасці на сезонных і працах па добраўпарадкаванні, праводзіцца перападрыхтоўка па найбольш запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцях з наступным працаўладкаваннем.

Асаблівая ўвага надаецца грамадзянам, не здольным на роўных канкурыраваць на рынку працы: інвалідам, абавязаным і асобам, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, а таксама выпускнікам вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі.

Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў станоўча ацаніў працу камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, які не раз адзначаўся на ўзроўні міністэрства і па выкананні даведзеных паказчыкаў пастаянна знаходзіцца ў лідарах.


«Сёння варта казаць не столькі пра праблему занятасці, колькі пра нежаданне людзей працаваць»


Пры гэтым кіраўнік рэгіёну заклікаў акцэнтаваць увагу на надзённых праблемах у сферы занятасці і падключыцца да іх вырашэння. Мікалай Мікалаевіч падкрэсліў, што сёння варта казаць не столькі пра праблему занятасці і працаўладкавання, колькі пра іншую – нежаданне людзей працаваць.

Так, Віцебшчына па-ранейшаму мае патрэбу ў кадрах рабочых спецыяльнасцей, і асабліва востра гэтае пытанне стаіць у сельскагаспадарчай галіне.

– Той, хто хоча працаваць, той будзе працаваць. Мы дапаможам, каго трэба пераўчым, прапануем вакансіі, але ў адказ часта чуем, не магу, не хачу, не задавальняе, – адзначыў старшыня аблвыканкама і прывёў прыклад па працаўладкаванні былых работнікаў «КІМа». – Тады была створана спецыяльная камісія, прапаноўвалі людзям варыянты працаўладкавання. І мы атрымлівалі адмову толькі таму, што да новага месца працы трэба дабірацца на грамадскім транспарце.

Мікалай Шарснёў таксама абазначыў варыянты вырашэння праблемы забеспячэння кадрамі галіны АПК, праца ў якой сёння лічыцца бесперспектыўнай і не запатрабаванай з-за цяжкіх умоў працы і нізкіх заробкаў.


«Трэба прапанаваць льготныя ўмовы для паступлення рабятам з сельскай мясцовасці»


– Больш за паўтысячы спецыялістаў не хапае сёння ў жывёлагадоўлі. Вось працоўныя месцы, і не абавязкова ствараць новыя. Рыхтуем кадры ў ветэрынарнай акадэміі, лужаснянскім каледжы. На гэта штогод трацяцца бюджэтныя грошы. Чаму тады спецыялістаў няма? Вучым гараджан, якія, натуральна, ніколі не паедуць працаваць у вёску. Трэба прапанаваць льготныя ўмовы для паступлення дзецям з сельскай мясцовасці, павялічыць долю вытворчай практыкі, аплачваць яе, – адзначыў старшыня аблвыканкама.

У планах у кіраўніцтва вобласці выйсці на Прэзідэнта з прапановай прадастаўляць адтэрміноўку ад арміі на два гады маладым спецыялістам з аграрнымі спецыяльнасцямі. Гэта, на думку кіраўніка вобласці, будзе спрыяць аздараўленню кадраў на сяле.

Акрамя таго, Мікалай Шарснёў паведаміў пра намер правесці на базе Віцебшчыны тэхнічны эксперымент: унесці карэкцівы ў адукацыйны працэс, асучасніць навучальныя базы з прыцягненнем прадпрыемстваў, якія займаюцца выпускам сельскагаспадарчай тэхнікі, каб забяспечыць дастатковы і актуальны ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў.

– Усё гэта будзем рабіць у працоўным парадку. Галоўнае разумець: калі мы створым умовы для развіцця эканомікі, знімецца і пытанне працаўладкавання беспрацоўных, – рэзюмаваў старшыня аблвыканкама.

Забяспечыць эканамічны рост і вырашыць пытанні на рынку працы дапаможа малы бізнес.
Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч арыентавала мясцовыя органы ўлады на ўсебаковую падтрымку гэтага сектара эканомікі, неабходнасць спрыяць яго развіццю, трансфармацыі мікрапрадпрыемстваў з трыма наёмнымі работнікамі ў суб'ект гаспадарання, дзе заняты дзясяткі людзей.

Таксама на пасяджэнні аблвыканкама былі разгледжаны пытанні работы органаў мясцовага кіравання вобласці са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама аб арганізацыі правядзення культурна-тэхнічных мерапрыемстваў Віцебскай вобласці.

"Віцебскія весці".